Пасля вірусу прыйдзе другое няшчасце – звяртае ўвагу Dziennik Gazeta Prawna. Пандэмія спыніла барацьбу з засухай. А гэтая праблема ёсць ужо амаль ва ўсёй Польшчы. Зімой не было снегу, а вясна была і будзе сухой. Паводле прагнозаў, дождж будзе толькі ў траўні, што для сельскай гаспадаркі вельмі позна. Эксперты кажуць, што засуха выкліча пажары ў лясах і дарагавізну ў крамах.
Зімовы сезон 2019/2020 быў самым цёплым ад пачатку вядзення метэаралагічных замярэнняў у Польшчы. Такой кепскай гідралагічнай сітуацыі, як на пачатку бягучага году, не было ніколі раней – пераконвае прэс-сакратар Інстытуту метэаралогіі і воднай гаспадаркі Гжэгаж Валіеўскі.
«Яшчэ некалькі тыдняў таму я не браўся казаць, ці засуха будзе вельмі сур’ёзнай, ці не, бо разлічваў, што ў сакавіку, ці на пачатку красавіка пачне падаць. Дажджу надалей няма і сітуацыя ў Польшчы пачынае выглядаць вельмі кепска», – гаворыць прафесар Збігнеў Карачун, эксперт Кліматычнай кааліцыі. Паводле яго, калі бліжэйшыя 2-2,5 тыдні не будзе дажджу, то трэба падрыхтавацца да таго, што будзе трагедыя, паколькі глеба цалкам не падрыхтаваная да засаджвання.
Праца па супрацьдзеянні засухі спазняецца па прычыне каранавіруса. Пачакаюць, між іншым, будова сістэм, якія дазваляюць затрымліваць ваду, калі суха, і адводзіць яе, калі вады шмат. Каб можна было рэалізоўваць гэтую працу, неабходна праводзіць шэраг сустрэч, што цяпер з’яўляецца немагчымым.
Эксперты дадаюць, што нават калі дождж пачне падаць, то існуе вялікая верагоднасць, што вада хутка спусціцца ў мора, паколькі надалей няма прылад, каб яе затрымаць. «Мы тэрмінова павінны прадпрыняць усе крокі, каб старацца затрымаць ваду. Таксама мы павінны задумацца над тым, каб ужо цяпер пачаць гаварыць людзям пра больш эканомнае карыстанне вадой», – гаворыць Збігнеў Карачун.
ав