Пік заражэння каранавірусам у Польшчы перад намі, сказаў лекар-інфекцыяніст, прафесар медыцынскіх навук Кшыштаф Сіман. Размову з ім публікуе газета Rzeczpospolita.
Нядаўна віцэ-міністр аховы здароўя Польшчы выслала ліст, у якім забараніла медыкам каментаваць сітуацыю вакол каранавіруса. Ці вы не баіцеся, што размаўляеце з журналістамі і ў адкрытую гаворыце пра недахопы сістэмы? – запытаў у лекара журналіст. Прафесар адказаў, што не баіцца і што выказванне меркаванняў наконт важных пытанняў, якія датычаць здароўя грамадзян, ён лічыць найважнейшай справай.
Паводле Сімана, польская дзяржава магла б лепш падрыхтавацца на эпідэмію, назіраючы за тым, што адбываецца ў іншых краінах. Навуковец гаворыць, што ўлады краіны звычайна «праспалі» момант з’яўлення каранавіруса. Ужо ў лютым, паводле словаў прафесара, трэба было ўвесці кантроль за грамадзянамі, якія вярталіся ў Польшчу з раёнаў, ахопленых эпідэміяй. А са студзеня трэба было закупляць медыцынскія матэрыялы тыпу маскі і іншыя прадметы асабістай аховы. «А ў нас сёння існуюць праблемы з маскамі», – гаворыць Кшыштаф Сіман.
Журналіст таксама запытаў у лекара, ці польская служба аховы здароўя справіцца з эпідэміяй? «У апошні час сітуацыя палепшылася», – сказаў медык. І дадаў, што ў вялікай ступені дзякуючы муніцыпальным уладам, прыватным фірмам і людзям, якія дапамагаюць у пакупцы апаратуры і патрэбных рэчаў. «А хопіць ложкаў, рэспіратараў?», – запытаў прадстаўнік газеты. «Пік заражэнняў яшчэ перад намі», – адказаў прафесар Сіман. Паводле інфекцыяніста, самае горшае надыдзе ў канцы красавіка, на пачатку мая. «Баюся, што наступіць момант, што лекарам прыйдзецца прымаць рашэнні, каго ратаваць, а каму дазволіць памерці», – сказаў лекар.
Паводле яго, можа здарыцца сітуацыя, што, напрыклад, анкалагічны пацыент на апошняй стадыі хваробы будзе адключаны ад апаратуры, каб яна паслужыла іншаму пацыенту, якога можна выратаваць. «Гэта будзе драматычны выбар – каму дапамагаць. У маральным плане гэта будуць вельмі цяжкія рашэнні, таму што апаратуры можа не хапіць. Таму прыйдзецца смяротна хворых пацыентаў адключыць ад апаратуры, каб яна ратавала жыццё іншых, каго можна выратаваць. Такое жыццё. Такія дылемы ў нас ужо ёсць сёння», – сказаў прафесар Кшыштаф Сіман у размове з журналістам газеты Rzeczpospolita.
вс