Беларуская Служба

Шведы працягваюць здзіўляць свет у час эпідэміі

28.04.2020 16:47
Цалкам іншую стратэгію выбрала Швецыя, якая з самага пачатку эпідэміі не ўвяла абмежаванняў, у тым ліку ў галіне спорту.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjne Shutterstock.com/Martinho Smart

Gazeta Wyborcza публікуе артыкул, у якім гаворыцца пра тое, што толькі шведы і беларусы рызыкоўна сябе вядуць у час пандэміі. Футбольныя нямецкая «Бундэсліга» і польская «Экстракласа» плануюць пачаць матчы пры пустых трыбунах, а ў Швецыі 14 чэрвеня стартуюць матчы, прычым адразу ж з гледачамі. «Гэта вельмі рызыкоўны ход», – гаворыць вядомы польскі вірусолаг, прафесар Уладзімеж Гут.

У Германіі ўжо сама ідэя вяртання да матчаў «Бундэслігі» з'яўляецца прычынай рознагалоссяў. Частка навукоўцаў сцвярджае, што непрадуманая задума можа прывесці да страты дасягненняў у барацьбе з каранавірусам.

Газета таксама піша пра тое, якім чынам на Тайваню вырашылі падбадзёрваць спартоўцаў падчас матчаў баскетбола. Каб не выглядала, што трыбуны пустыя, то на месцах для гледачоў замацавалі кардонныя постаці, якія нагадваюць заўзятараў, а падбадзёрваюць баскетбалістаў робаты, якія граюць на барабанах.

Цалкам іншую стратэгію выбрала Швецыя, якая з самага пачатку эпідэміі не ўвяла абмежаванняў, у тым ліку ў галіне спорту. Матчы вышэйшай футбольнай лігі плануецца пачаць 14 чэрвеня, нягледзячы на тое, што кожны дзень колькасць заражаных каранавірусам грамадзян павялічваецца ў краіне на 3-5%.

Прафесар Уладзімеж Гут здзіўляецца рашэнням шведскіх улад, зазначаючы, што эпідэмія ў гэтай скандынаўскай краіне толькі пачынае развівацца. А спыніць яе можна толькі праз самадысцыпліну насельніцтва і абмежаванне масавай актыўнасці. Калі ж не ўводзіць абмежавальных мер, то сітуацыя можа выйсці з-пад кантролю, як гэта здарылася ў Партугаліі, зазначае навуковец.

Выданне піша, што ў Еўропе спартыўныя мерапрыемствы не былі спыненыя толькі ў Беларусі. І, на жаль, бачны гэтага эфект, таму што ў гэтай краіне каранавірус распаўсюджваецца ва ўсю. Праўда, трыбуны падчас матчаў пачалі пусцець, але толькі таму, што самі заўзятары адмовіліся ад удзелу і засталіся дома, паведамляе Gazeta Wyborcza.

вс