У 2019 годзе ў Польшчы былі зарэгістраваныя 59,1 тыс. дзяцей, народжаных за мяжой. Гэта на 2,2 працэнта больш, чым у папярэднім годзе, паведамляе Галоўнае статыстычнае ўпраўленне, якое цытуе Dziennik Gazeta Prawna.
Газета адзначае, што рэгістрацыя дзяцей у ЗАГС часам адбываецца з вялікім спазненнем. Напрыклад, тады, калі дзіцяці патрэбны пашпарт для замежных паездак.
Менавіта таму ў мінулым годзе ў польскіх ЗАГСах бацькі маглі рэгістраваць нават дзесяцігадовых дзяцей. Дадзеныя Галоўнага статыстычнага ўпраўлення ахопліваюць нашчадкаў, якія нарадзіліся з 2004 года. Невядома, колькі эмігрантаў не зарэгістравалі дзяцей у дзяржаўных органах і колькі наагул не збіраюцца гэта зрабіць.
Калі прыняць, што ўсе дзеці эмігрантаў, зарэгістраваныя ў 2019 годзе, нарадзіліся менавіта ў гэтым годзе, то аказваецца, што статыстычна кожнае сёмае дзіця, якое ў той час нарадзіла польская жанчына, нарадзілася за мяжой, адзначае выданне.
Дадзеныя аб рэгістрацыі дзяцей эмігрантаў у польскіх ЗАГСах збіраюцца толькі з 2009 года. Паводле іх, за апошнія 11 гадоў у Польшчы зарэгістравана амаль 491,5 тысячы малых палякаў, якія нарадзіліся за мяжой. Вядома, што толькі ў Вялікабрытаніі і Германіі нарадзіліся 67 тысяч з іх.
Тады, паводле выдання Dziennik Gazeta Prawna, можна з упэўненасцю сказаць, што з пачатку прысутнасці Польшчы ў ЕС за мяжой нарадзілася больш за паўмільёна польскіх дзяцей.
Газета адзначае, што невядома, колькі дзяцей, якія нарадзіліся ў Польшчы, выехалі за мяжу з бацькамі або далучыліся да іх праз нейкі час.
аз