Беларуская Служба

У камп’ютарнай гульні «World of Warships» паявіліся новыя польскія элементы

01.06.2020 14:44
Гэта калектыўная гульня, можна граць з геймерамі з усяго свету ў рэальным часе.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjnesezer66/shutterstock.com

Кампанія «Wargaming» увяла новыя польскія элементы ў камп’ютарную гульню «World of Warships» (Свет ваенных караблёў) – паведамляе сайт Defence24. Гульня даступная ў інтэрнэце, ужо на самым пачатку ў ёй паявіўся польскі ваенны карабель з часоў Другой сусветнай вайны – эсмінец «Błyskawica» (Маланка). Аўтары гульні з вялікай гістарычнай дакладнасцю прадставілі судна, пры дапамозе Музею ваенна-марскога флоту ў Гдыні. Такім чынам шмат мільёнаў геймераў на ўсім свеце могуць знаёміцца з часткай польскай гісторыі. Акрамя таго, быў зняты фільм пра дадзенае судна, які на канале Youtube сабраў ужо звыш ста тысяч праглядаў.

Цяпер кампанія «Wargaming» дадала новыя польскія акцэнты. У гульню былі ўведзеныя двое польскіх афіцэраў марскога флоту. Адзін з іх – Влодзімеж Сьвірскі (Włodzimierz Świrski) – гэта гістарычная постаць, з яго біяграфіяй можна пазнаёміцца ў адмысловай закладцы. Другі афіцэр – гэта фікцыйная постаць – Гжэгаж Бжэнчышчыкевіч (Grzegorz Brzęczyszczykiewicz) – галоўны герой папулярнай польскай кінакамедыі «Як я развязаў Другую сусветную вайну». Але самая важная навінка для гульцоў – увядзенне ў гульню двух новых польскіх караблёў. Гэта эскадраны мінаносец «Аркан» (Orkan) і мінны загараджальнік «Грыф» (Gryf), самы буйны карабель ваенна-марскіх сілаў Польшчы.

Гульня ў ваенныя караблі – бясплатная, але пры жаданні можна за грошы купляць дадатковыя атрыбуты. Гэта калектыўная гульня, можна граць з геймерамі з усяго свету ў рэальным часе. Неабходна супрацоўнічаць з камандзірамі іншых суднаў, каб перамагчы флатылію ворага. Пры гэтым можна выбіраць з 11 розных ваенна-марскіх флотаў, у тым ліку можна змагацца пад сцягам Польшчы, Францыі, Японіі, Італіі ды Германіі.

нг