Беларуская Служба

Дзяцей трэба слухаць

01.06.2020 15:31
Гэта павялічвае іх матывіроўку, крэатыўнасць і здольнасць думаць не шаблонна, што вельмі важна ў дарослым жыцці.
Вокладка газетыфота: Н. Грышкевіч/radyjo.net

З нагоды Міжнароднага дня дзіцяці сённяшняе выданне Dziennik Gazeta Prawna амаль цалкам падрыхтаванае дзецьмі і аздоблена дзіцячымі малюнкамі. Адзін з артыкулаў, напісаны 14-гадовым Губэртам, прысвечаны ўдзелу дзяцей у грамадскім жыцці. Тэкст называецца «Патрэбны голас дзяцей». Меркаваннем аўтара, малыя людзі ўмеюць выражаць свае патрэбы непасрэдным чынам, дзеці яшчэ не страцілі свежасці поглядаў, што здараецца дарослым, абцяжараным рахункамі, падаткамі, працай ды іншымі абавязкамі. Без бюракратыі дзеці маюць у сваім жыцці больш часу на пошук рашэнняў розных праблем і фармаванне ўласных поглядаў.

Дзяцей трэба слухаць. Калі дарослыя іх уважліва слухаюць, дзеці адчуваюць, што яны важныя, іх меркаванне цэніцца. Гэта павялічвае іх матывіроўку, крэатыўнасць і здольнасць думаць не шаблонна, што вельмі важна ў дарослым жыцці. Акрамя таго, менавіта дзеці могуць дапамагчы дарослым зразумець сучасны свет. Моладзь можа патлумачыць ім, як абслугоўваць сучасныя электронныя прылады. Маладыя людзі лепш разумеюць і засвойваюць навінкі. Тэхналагічны прагрэс ідзе вельмі хутка, некаторыя дарослыя, а тым больш пажылыя людзі, адчуваюць разгубленасць. Упершыню ў гісторыі свету, дзякуючы інтэрнэту, дзеці маюць магчымасць пашыраць свае веды хутчэй, чым дарослыя.

На свеце шмат праблем, вырашэнне якіх паўплывае на жыццё будучых пакаленняў. Цяпер пра іх вырашаюць дарослыя, але дзеці маюць права выказаць свой супраціў, калі нейкія рашэнні дарослых негатыўна паўплываюць на іх будучае жыццё. Часта гэта праблемы, якія патрабуюць свежага позірку і не шаблонных рашэнняў. Нельга забываць, што дзеці маюць такія ж правы, як і дарослыя, – напісаў 14-гадовы Губэрт.

нг