Беларуская Служба

Беларускія архівы не супрацоўнічаюць з грамадзянамі па справе рэпрэсаваных

09.06.2020 12:53
Сёння адзначаецца Міжнародны дзень архіваў. 
Аўдыё
  • Беларускія архівы не супрацоўнічаюць з грамадзянамі па справе рэпрэсаваных
.
.kropekk_pl/pixabay.com/CC0

Сёння адзначаецца Міжнародны дзень архіваў. Архівы выконваюць надзвычай важную грамадскую ролю, яны неабходныя для калектыўнай памяці народаў і грамадстваў. Пра архівы дбае кожная дзяржава, але не кожная з іх хоча даваць доступ да іх звычайным грамадзянам. Гаворка пра Беларусь. 

Міжнародны дзень архіваў быў вызначаны ў 2007 годзе падчас сесіі Міжнароднай рады архіваў і ўшаноўвае ўзнікненне гэтай арганізацыі. Ідэяй дня з’яўляецца спрашчэнне доступу да сусветных архіваў, а таксама падкрэсліванне місіі і значэння архіваў для калектыўнай памяці народаў і грамадстваў.

Намеснік дырэктара Архіва новых актаў Марыюш Ольшак кажа, што архіў выконвае незвычайна важную грамадскую ролю:

- Архіў – гэта памяць, гэта нацыянальная спадчына, нашая культура. Памятаючы пра архівы, мы памятаем пра нашую гісторыю, пра нашых продкаў. Гаворка не толькі пра архівы ў разуменні ўстановы, але таксама сямейныя архівы, якія кожны з нас мае побач з сабой.

Марыюш Ольшак дадае, што архіў – гэта не толькі гісторыя, але і дакументы, патрэбныя нам у штодзённым жыцці:

-Гэта вымерны абшар нашага жыцця, у якім мы вымушаныя сягаць па дакументы, каб рэалізаваць фармальнасці. Архіў – гэта скарб нашага нацыянальнага жыцця, сімвал трываласці дзяржаўных установаў. І гэта прычынілася да таго, што ў часе Другой сусветнай вайны два галоўныя польскія архівы былі амаль цалкам спаленыя немцамі пасля завяршэння Варшаўскага паўстання. Знішчэнне архіваў было знішчэннем польскай дзяржаўнасці.

Цяпер у склад польскіх дзяржаўных архіваў уваходзяць 30 пляцовак і тры цэнтральныя архівы: Галоўны архіў даўніх (гістарычных) актаў, Архіў новых актаў і Нацыянальны лічбавы архіў. Усе гэтыя пляцоўкі збіраюць і прадстаўляюць дакументацыю, якая з’яўляецца ўнікальнай крыніцай інфармацыі і гісторыі Польшчы і польскага грамадства. Самыя старыя дакументы паходзяць з ХІІ стагоддзя.

Ігар Станкевіч гадамі займаецца пытаннем рэпрэсаваных у Беларусі, у прыватнасці аднаўляе памяць пра палітычныя рэпрэсіі 1920-30-х гадоў на тэрыторыі Воршы і Аршанскага раёна. Ён кажа, што калі гаварыць пра доступ да архіваў па справах рэпрэсаваных, то ў Беларусі ён найгоршы сярод усіх краін постсавецкай прасторы:

-У мяне багаты досвед працы ў архівах. Я меў дачыненне з архівам КДБ. У мяне два гады пайшло на тое, каб дамагчыся, каб яны даслалі мне копіі дакументаў, якія ў іх захоўваюцца. Першыя складанасць у тым, каб даказаць сваяцтва з чалавекам, на якога ты запытваеш дакументы. Цяпер гэта вельмі складана.

Я ўпершыню звярнуўся ў архівы ў 2009 годзе, у 2017 нарэшце да іх даехаў. І быў вельмі шакаваны, калі архіўныя справы мне чыталі на слых. Лічылася, што яны быццам бы мяне знаёмілі са справай. Гэта быў сапраўдны здзек. Потым я скантактаваўся з праваабаронцамі і яны дапамаглі скласці памятку аб тым, як звяртацца ў архівы. І ўжо дзякуючы гэтай памятцы я атрымаў копіі дакументаў з архіваў на шасцярых чалавек.

Самае прыкрае, што ў Нацыянальным архіве ёсць база дадзеных неабгрунтавана рэпрэсаваных людзей. Яна ўлічвае 180 тысяч 951 запіс. Раптоўна ў 2018 годзе гэтая база дадзеных была зачыненая. Яна стваралася з пачатку 90-х гадоў. Стваральнікі кіраваліся пастановай Вярхоўнай Рады БССР аб ушанаванні памяці рэпрэсіяў. Закрылі гэтую базу незаконна. Я зараз суджуся з Нацархівам, каб дамагчыся адкрыцця базы дадзеных. Першы суд мы прайгралі, падалі апеляцыю, але шанцы невялікія. Мы бачым, што і Нацархіў, і іншыя відавочна жанглююць і тэрміналогіяй, і заканадаўствам. А ў прыватных размовах яны кажуць, што закрылі яны таму, што людзі пачалі шукаць звесткі пра продкаў, якія былі палякамі, каб атрымаць карту паляка.

Калі параўноўваць беларускую сітуацыю з Украінай, Прыбалтыкай і нават з Расіяй, то ў нас самая горшая сітуацыя на ўсё постсавецкай прасторы, што тычыцца менавіта рэпрэсіяў. Архівы замест таго, каб адкрываць, зачыняюць.

Памятка, падрыхтаваная Беларускім Хельсінкскім камітэтам аб тым, як звяртацца ў дзяржаўныя архівы, знаходзіцца ў свабодным доступе. З ёй можна пазнаёміцца тут.

ав