Беларуская Служба

Палякі хацелі б перастаць працаваць ва ўзросце 50 гадоў або раней

12.06.2020 17:56
Пакуль цяжка прагназаваць, як пандэмія паўплывае на рынак працы, але вядома, што рэцэсія закране ўсю эканоміку.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjnePhotographee.eu/shutterstock.com

У часопісе Polityka інтэрв’ю з эксперткаю па пытаннях рынку працы доктарам сацыялагічных навук Агнешкай Хлонь-Даміньчак (Agnieszka Chłoń-Domińczak). Пакуль цяжка дакладна прагназаваць, як пандэмія каранавіруса паўплывае на рынак працы, але вядома, што рэцэсія закране не толькі сферу паслуг, якая пацярпела найбольш, але і ўсю эканоміку.

Цяпер яшчэ нельга сказаць дакладна, як крызіс паўплывае на беспрацоўе, не хапае інструментаў, якія дазвалялі б праводзіць бягучы маніторынг рынку працы. Таму дапамога аказваецца крыху ўсляпую. COVID-19 паказаў, што Польшча не была падрыхтаваная да крызісу.

На думку эксперткі, можна было лепш падрыхтавацца да зменаў, між іншым, пераход на лічбавую аснову гаспадаркі. Калі б так сталася, людзі з меншымі стратамі ўвайшлі б у неабходнасць дыстанцыйнай працы. Пандэмія паказала, што з дому можна працаваць, а гэтая праца не менш эфектыўная, чым офісная. Пандэмія стала імпульсам для развіцця тэлемедыцыны, яна застанецца з намі, паколькі вырашае шмат праблемаў, хаця б недахоп лекараў. Скачок у сучаснасць усё яшчэ перад намі.

Актуальныя дзяржаўныя ўлады панізілі ў Польшчы пенсійны ўзрост, вяртаючыся да ранейшых парогаў – 60 гадоў для жанчын і 65 для мужчын. Той, хто хоча мець вышэйшую пенсію, можа працаваць даўжэй. Аднак праблема ў тым, што ў дзяржаве няшмат прывабных працоўных месцаў для высокаадукаваных асоб, а на такіх пасадах людзі хацелі б працаваць даўжэй. Суразмоўца выдання прыводзіць апытанне грамадскай думкі, праведзенае падчас пандэміі. З апытання вынікае, што, на думку палякаў, ва ўзросце 44 гадоў яны ўжо на столькі выпаленыя, што павінны ісці на пенсію. На такое меркаваннем, канешне, паўплывалі пандэмія, няўпэўненасць у заўтрашнім дне і боязь страціць працу.

Аднак варта адзначыць, што абнародаваныя некалькі месяцаў раней вынікі Еўрапейскага грамадскага апытання паказалі падобнае стаўленне. Палякі – адзіны ў Еўропе народ, які хацеў бы перастаць працаваць ва ўзросце 50 гадоў. У сваю чаргу палітыкі выдатна разумеюць, што без падаўжэння даўжыні працоўнага стажу ў краіне не ўдасца вырашыць праблемы, якіх на рынку працы пасля пандэміі будзе яшчэ больш.

нг