Калі б пра адмену абмежаванняў пасля пандэміі COVID-19 вырашалі крытэрыі, прапанаваныя Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя, то на сённяшні дзень ім не адказвала б ніводная дзяржава. Пры ліберальным падыходзе, магчыма, СААЗ дазволіла б зняць каранцін толькі Новай Зеландыі, дзе на працягу двух тыдняў не было ніводнага новага выпадку захворвання.
Выданне Polityka пры нагодзе піша аб тым, што Польшчы не ўдаецца так добра спраўляцца з эпідэміяй, як некаторым яе суседзям. Па-беларуску польскія ўлады выбіраюць шлях адсутнасці жорсткіх мераў, па-шведску пры гэтым разлічваюць, што насельніцтва набудзе імунітэт або хвароба сама закончыцца. Разам з Беларуссю ды Расіяй Польшча належыць да «элітнага» клубу дзяржаў, дзе паказальнік захворванняў не ідзе ўніз. Праўда, лічба новых выпадкаў як правіла не перавышае 400 у дзень, а памірае па прычыне COVID-19 толькі 0,3 статыстычнай асобы на адзін мільён жыхароў, але эвалюцыя эпідэміі радыкальна адрозніваецца ад таго, што адбываецца ў Заходняй Еўропе.
У краінах, дзе яшчэ нядаўна было вельмі шмат захворванняў – Бельгіі, Іспаніі, Італіі, Францыі, Ірландыі – прайшоў ужо пік, а для Славакіі ды Венгрыі эпідэмія – гэта ўжо толькі ўспамін. На жаль, насуперак спадзяванням некаторых навукоўцаў, нідзе ў свеце не ўдалося дасягнуць стаднага імунітэту. Паводле свежых даследаванняў, нават у Швецыі, у Стакгольме, адсотак асоб з імунітэтам складае толькі каля 8%.
Калі першая хваля эпідэміі слабее, то па нейкіх іншых, яшчэ невядомых прычынах. Але праз некалькі месяцаў пачнецца восень, і невядома, ці хвароба не ўдарыць з новай сілай.
нг