Грамадзянская кааліцыя (апазіцыйная ў Польшчы) прапануе стварыць офіс на кшталт бюро амбудсмэна грамадзянскіх правоў, але гэтым разам для жывёлы. Апазіцыя хоча пераканаць у слушнасці ідэі старшыню кіроўнай партыі «Права і справядлівасці» Яраслава Качыньскага – піша «Rzeczpospolita».
-Жывёла не з’яўляецца рэччу. Чалавек павінен яе шанаваць, ахоўваць і клапаціцца пра яе, – так гучыць першы артыкул у Законе аб ахове жывёлы, але вельмі часта гэта мёртвы запіс, – гаворыць газеце дэпутатка Грамадзянскай кааліцыі Катажына Пякарска. Пасля выбараў закон аб пакліканні амбудсмэна правоў жывёлы будзе складзены ў Сейме. Дакумент ужо амаль гатовы.
Паводле Катажыны Пякарскай, новая ўстанова была б створаная на ўзор амбудсмэнаў правоў дзяцей і грамадзянскіх правоў. Яе мэтай было б засяроджанне ў адным месцы кампетэнцый, раскіданых па многіх установах. Дэпутатка тлумачыць, што новы амбудсмэн прадстаўляў бы інтарэсы жывёлы ў органах дзяржаўнай адміністрацыі і ў судах. У выпадку негуманнага стаўлення да жывёлы ён мог бы самастойна займацца высвятленнем справы ці папрасіць аб гэтым пракуратуру.
Паводле Грамадзянскай кааліцыі, працы не будзе бракаваць. У польскіх дамах жыве каля 14 млн сабак і катоў, а яшчэ больш сельскагаспадарчай жывёлы.
Ці ідэю паклікання новай установы адхіліць «Права і справядлівасць»? Неабавязкова, бо Катажына Пякарска разам з Яраславам Качыньскім працуе ў парламенцкай групе сяброў жывёлы. Дэпутатка кажа, што будзе спрабаваць дамовіцца з ім на размову аб правах жывёлы. З падтрымкай у іншых клубах не павінны быць праблемаў.
ав