Беларуская Служба

Больш за 21 тыс. савецкіх салдат пахаваныя амаль у цэнтры польскай сталіцы (ФОТА)

24.06.2020 16:25
Гэта салдаты і афіцэры Першага беларускага фронту, якія загінулі ў баях з нямецкімі фашыстамі.
Аўдыё
  • "Пашана да памерлых патрабуе, каб захоўваць павагу ў такіх месцах, і каб клапаціцца, даглядаць месца памяці".
Мемарыяльныя могілкі савецкіх салдат у Варшавефота: Н. Грышкевіч/БСПР

У Варшаве ёсць месца, якое нагадвае пра складаную гісторыю польскай дзяржавы. Ходзячы па ім, чалавек мімавольна пачынае думаць пра вечнае – на колькі проста страціць жыццё, і як нялёгка прыходзіцца, калі гэта здараецца далёка ад родных мясцін.

Гаворка ідзе пра Ваенныя мемарыяльныя могілкі воінаў Савецкай арміі, распаложаныя ў варшаўскім раёне Макотаў (Mokotów), дзе пахаваныя звыш 21 тысячы асоб самых розных нацыянальнасцяў – салдат Чырвонай арміі, якія загінулі ў бітвах Другой сусветнай вайны.

Могілкі ў такім выглядзе, які захаваўся да нашых часоў, былі створаныя пад канец 40-ых гадоў мінулага стагоддзя. Урачыстае адкрыццё адбылося 9 мая 1950 года, у 5-ую гадавіну заканчэння вайны. Пра гісторыю могілак распавядае доктар гістарычных навук Томаш Лешковіч (Tomasz Leszkowicz).

- Могілкі былі задуманыя як свайго роду цэнтральнае месца памяці савецкіх салдат. Усе ўрачыстасці, звязаныя з гісторыяй Другой сусветнай вайны, адбываліся між іншым у гэтым месцы. У часы Польскай Народнай Рэспублікі афіцыйныя дэлегацыі там ускладалі кветкі, адбываліся ўрачыстасці. Могілкі характэрныя для той эпохі, калі яны былі створаныя – сталінскай эпохі, таму выгляд характэрны для помнікаў таго часу, сацрэалізму. Пасярэдзіне ўзвышаецца магутны абеліск, да якога вядзе шырокая алея, па баках знаходзяцца скульптуры, якія прадстаўляюць салдат, іх гераізм і самаахвярнасць. Гэта робіць уражанне сваёй манументальнасцю.

Мемарыяльныя могілкі савецкіх салдат у Варшаве Мемарыяльныя могілкі савецкіх салдат у Варшаве

І менавіта гэты сацрэалізм, сталінская эпоха, якая бачная ў стылістыцы могілак, часам выклікаюць неадназначнае ўспрыняцце дадзенага месца палякамі. З аднаго боку варшаўскія ўлады старанна дбаюць аб чысціні і парадку ў гэтым месцы, але з іншага боку здараюцца выпадкі вандалізму – скульптуры, абеліск паліваюць чырвонай фарбай або пішуць надпісы накшталт «Ідзіце далоў». Некаторыя палякі лічаць, што савецкія салдаты прынеслі на сваіх штыках не свабоду, а новае рабства.

- Адносіны палякаў, польскай дзяржавы да тых падзеяў даволі складаныя. Усе, канешне, згодныя, што Чырвоная армія прычынілася да вызвалення Польшчы ад нямецкай акупацыі. Тым не менш, гісторыкі, публіцысты спрачаюцца, у якой ступені гэта было вызваленне, а ў якой – новая акупацыя. Трэба сказаць, што шматлікія помнікі ўдзячнасці савецкім салдатам, якія паявіліся на польскіх землях пасля вайны, згодна новаму заканадаўству, былі знесеныя або перанесеныя. Аднак могілкі не выклікаюць такіх вялікіх эмоцый, як помнікі. Людзі лічаць, што могілак нельга ліквідаваць, нельга парушаць спакой асоб, якія там спачываюць. Канешне, час ад часу здараюцца выпадкі вандалізму, але гэта рэдкія выключэнні.

Адносіны да такіх месцаў памяці залежаць, зразумела, таксама ад таго, якія адносіны ў дадзеным часе назіраюцца з дзяржавай, грамадзяне якой пахаваныя на могілках. Палякі атаясамліваюць савецкіх салдат з Расіяй, хаця, канешне, на могілках пахаваныя асобы не толькі расійскай нацыянальнасці. Афіцыйныя кантакты Польшчы з Расіяй практычна замарожаныя, таму і стаўленне да помнікаў, звязаных з савецкімі салдатамі, даволі халоднае, але на тэрыторыі Расіі таксама ёсць польскія могілкі, і палякі хацелі б, каб яны былі ў добрым стане.

- На тэрыторыі Расійскай Федэрацыі ёсць польскія могілкі, самыя вядомыя – Катынскія. Пашана да памерлых патрабуе, каб захоўваць павагу ў такіх месцах, і каб клапаціцца, даглядаць месца памяці. Трэба таксама звярнуць увагу на ўплыў, які аказвае стаўленне да такіх могілак на адносіны не столькі паміж дзяржавамі, колькі паміж грамадствамі Польшчы і краін былога Савецкага Саюза – паміж палякамі і расіянамі, палякамі і беларусамі, палякамі і ўкраінцамі і г.д. Негатыўнае стаўленне да могілак вельмі дрэнна ўспрымаецца на ўсходзе – як атака на «нашых» – нашых салдат, якія аддалі жыццё за «іх» свабоду. Гэта не спрыяе добрым адносінам. На жаль, не ўдалося на палітычным вышэйшым узроўні распрацаваць такі спосаб разважанняў пра нашу гісторыю, які б даносіў да народаў былога СССР нашу пазіцыю, але не раніў бы іх пачуццяў.

Гісторыя найноўшых польска-расійскіх адносінаў таксама не памагае ў пошуках паразумення. Нагадаем, ужо 10 гадоў прайшло з таго часу, калі польскі ўрадавы самалёт з прэзідэнтам на борце разбіўся пад Смаленскам, і да гэтага часу Расія не жадае вярнуць абломкі машыны яе законным уладальнікам. З той салідарнасці, якая ўзнікала пасля катастрофы, нічога не засталося.

- Так, 10 гадоў таму назіралася спроба польска-расійскага паяднання, даволі кароткая, на жаль. Гэта натуральная рэакцыя чалавека – аддаць пашану людзям, якія загінулі, страцілі жыццё. І тады была спроба па абодвух баках менавіта аддаць даніну памяці гэтым людзям, якія загінулі. Аднак вельмі хутка з-за палітычных матываў гэтая спроба пагасла.

На Могілках савецкіх салдат у Варшаве пахаваны амаль 21,5 тыс. салдат і афіцэраў Першага беларускага фронту, якія загінулі ў баях з нямецкімі фашыстамі. Пра гісторыю гэтага месца і стаўленне палякаў да савецкіх помнікаў у Польшчы мы размаўлялі з доктарам гістарычных навук, аўтарам публікацый на сайце histmag.org Томашам Лешковічам.

нг


Мемарыяльныя могілкі савецкіх салдат у Варшаве Мемарыяльныя могілкі савецкіх салдат у Варшаве
Могілкі - помнік савецкім воінам Могілкі - помнік савецкім воінам
Мемарыяльныя могілкі савецкіх салдат у Варшаве Мемарыяльныя могілкі савецкіх салдат у Варшаве
Мемарыяльныя могілкі савецкіх салдат у Варшаве Мемарыяльныя могілкі савецкіх салдат у Варшаве
  Могілкі - помнік савецкім воінам
Мемарыяльныя могілкі савецкіх салдат у Варшаве Мемарыяльныя могілкі савецкіх салдат у Варшаве
Мемарыяльныя могілкі савецкіх салдат у Варшаве Мемарыяльныя могілкі савецкіх салдат у Варшаве