Інстытут нацыянальнай памяці пачаў святкаванне 40-годдзя заснавання руху „Салідарнасць”. З гэтай нагоды ў 17 гарадах па ўсёй Польшчы былі адкрытыя выставы, прысвечаныя гісторыі ўзьнікнення гэтай арганізацыі.
На выставе паказаная, між іншым, агульнанацыянальная мапа 53 гарадоў, у якіх у ліпені, жніўні і верасні 1980 году былі арганізаваны забастоўкі рабочых.
Першую з серыі выставу пад загалоўкам „Тут нарадзілася Салідарнасць” апоўдні на плошчы Арміі Краёвай у горадзе Мелец (Mielec) адкрыў старшыня Інстытуту нацыянальнай памяці.
Яраслаў Шарэк (Jarosław Szarek) падкрэслівае, што „Салідарнасць”- гэта амаль дзесяць мільёнаў чалавек, заангажаваных у адраджэнне Польшчы.
Cтаршыня Інстытуту нацыянальнай памяці Яраслаў Шарэк.
- „Салідарнасць” - гэта не толькі прозьвішчы, вядомыя з падручнікаў гісторыі і першых старонак газетаў. Гэта таксама сотні тысяч іншых людзей – таксама герояў, якія адыгралі ў гэтым працэсе важную ролю. Мы хочам нагадаць таксама пра іх, паколькі сума іх высілкаў прычынілася да ўзнікнення „Салідарнасці”.
Дырэктар Бюро адукацыі Інстытута нацыянальнай памяці Адам Глебовіч (Adam Hlebowicz) тлумачыць, што ўрачысты старт святкавання ўзнікнення „Салідарнасці” невыпадкова прайшоў менавіта ў Мельцы, у паўднёва-ўсходняй Польшчы.
- 1 ліпеня пачаліся страйкі ў Мельцы. Камуністычныя ўлады ПНР павысілі цэны. Гэта адбылося, можна сказаць, паводле сцэнара падзеяў з 1976 году – улада павышае цэны, у тым ліку ежы ў сталовых. Гэтага для людзей было ўжо зашмат і запачаткавала пратэст. Спачатку на прадпрыемстве WSK Mielec страйкавала невялікая група рабочых, але ўжо 2 ліпеня на другі дзень у забастоўцы ўдзельнічалі 2 тысячы чалавек.
Адкрыццё выставы „Тут нарадзілася Салідарнасць”, Мелец.
Дырэктар Бюро нацыянальнай адукацыі ІНП Адам Глебовіч паясняе, што адкрытыя сёння выставы падзеленыя на тры часткі.
- Гэта агульнапольская, рэгіянальная і мясцовая часткі. У агульнапольскай частцы ўсе пабачым тое ж самае, то бок генезіс нараджэння руху „Салідарнасць”. Паасобныя рэгіянальныя часткі адрозніваюцца - інакш яны выглядайць у Мазавецкім, Падкарпацкім ці Паморскім ваяводствах. У сваю чаргу гэтак званыя мясцовыя часткі ў кожным месцы іншыя – мы паказваем чарговыя месцы пратэстаў, там дзе страйкі былі найбуйнейшыя, дзе пратэстоўцы найбольш рашуча выступілі супраць камуністычнай улады.
Адам Глебовіч паясняе, што выстава ўключае, між іншым, фатаграфіі забастовак альбо апісанні пратэстаў. Усё гэта, каб паказаць сілу ўзнікаючага руху, які пахіснуў камуністычнай сістэмай у Польшчы.
- Ад пачатку, калі мы пачалі думаць пра гэтую гадавіну, мы хацелі паказаць супольныя намаганні палякаў. З чаго пачаўся рух „Салідарнасць”? З 700 страйкуючых прадпрыемстваў. Гэта каля мільёна людзей, якія прынялі ўдзел у гэтым пратэсце. Да гэтай пары як пра пачатак руху мы казалі пра жнівень 1980 году, але гэта не да канца праўда. На самой справе трэба гаварыць пра лета 1980 году, паколькі страйкі пачаліся 1 ліпеня згаданага году.
Да канца ліпеня 1980 году па ўсёй Польшчы страйкавалі ўжо каля 80 тысяч чалавек на 170 прадпрыемствах. У сярэдзіне жніўня забастоўкі перанесліся на ўзбярэжжа. У Гданьскай суднаверфі быў створаны Міжпрадпрымальніцкі страйкавы камітэт, які абвясціў 21 патрабаванне. Адным з іх было стварэнне свабодных прафсаюзаў.
Хваля страйкаў пашыралася і ў выніку давяла да падпісання пагадненняў у Шчэціне і Гданьску, 30 і 31 жніўня 1980 года.
Праз два месяцы распачаты 40 гадоў таму ў Мельцы пратэст прывёў да стварэння Незалежных прафсаюзаў „Салідарнасць”.
Адкрыццё выставы „Тут нарадзілася Салідарнасць”, Мелец.
Першага ліпеня выстава „Тут нарадзілася Салідарнасць” была адкрытая ў Мельцы і 16-ці іншых польскіх гарадах. У наступныя месяцы выставы адкрыюцца ў чарговых гарадах Польшчы.
Маршруты ўсіх рэгіянальных выставаў сыдуцца 28 жніўня на вернісажы на плошчы Пілсудскага ў Варшаве, дзе экспазіцыю можна будзе глядзець да 10 кастрычніка.
аз