Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Славуты варшаўскі Палац культуры і навукі адзначыў 65-годдзе

22.07.2020 07:58
Пасля перамен у Польшчы пачатку 1990-х гадоў зʼявіліся ідэі знесці палац як сімвал камунізму, аднак ад гэтай задумы хутка адмовіліся.
Plac Defilad w Warszawie
Plac Defilad w WarszawieShutterstock

Славуты варшаўскі Палац культуры і навукі, які з'яўляецца візіткай польскай сталіцы, адзначыў 65-годдзе. Ён быў здадзены ў эксплуатацыю 21 ліпеня 1955 года пасля трох гадоў будаўніцтва, паведамляе партал wawalove.pl.

Палац быў узведзены па ідэі Іосіфа Сталіна ў якасці «падарунку польскаму народу ад народа савецкага». Ён пабудаваны ў стылі сацрэалізму, які, у сваю чаргу, мае шмат агульнага з амерыканскім стылем арт-дэко.

Архітэктарам аб’екту быў Леў Руднеў, паводле праекту якога пабудаваны, у прыватнасці, галоўны будынак Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэту на Вараб’ёвых гарах. Дарэчы, здалёк будынкі вельмі падобныя, аднак варшаўскі палац уключае ў сабе элементы польскай нацыянальнай і гістарычнай архітэктуры. Справа ў тым, што Леў Руднеў разам са сваёй камандай, у якую ўваходзілі і польскія архітэктары ды інжынеры, здзейсніў паездку па краіне, каб азнаёміцца з гістарычнымі архітэктурнымі аб’ектамі.

Палац культуры і навукі ўзводзілі 3 тыс. 500 савецкіх будаўнікоў. Вышыня будынку – 230 метраў. Аб’ект абкладзены плітамі з пясчаніку, які прывозілі ажно з Урала. Унутры Палац культуры і навукі выкладзены рознакаляровым мармурам ды багата аздоблены, напрыклад, рознымі вырабамі мастацкага кавальства і скульптурамі.

Дарэчы, пасля грамадска-палітычных перамен у Польшчы пачатку 1990-х гадоў зʼявіліся ідэі знесці палац як сімвал камунізму. Аднак ад гэтай задумы хутка адмовіліся, таму што кошты гэтай аперацыі былі б проста агромныя. Бо ў аб’екце знаходзяцца некалькі музеяў, Палац моладзі, басейн, тэатр і кінатэатр, кавярні, некалькі ВНУ, Польская акадэмія навук, кнігарні ды іншыя ўстановы.

Акрамя таго, у Палацы культуры й навукі ёсць Кангрэс-зала з 3 тыс. месцаў – адно з найбольш прэстыжных і найдаражэйшых канцэртных месцаў сталіцы, на сцэне якой выступалі й выступаюць сусветныя зоркі. І так, у 1967 годзе ў Кангрэс-зале выступіў сёння легендарны, а тады ўжо вядомы рок-гурт «Ролінг стоўнз», прычым гэта быў іх першы канцэрт у краіне сацлагеру.
А пачынаючы з 1958 года ў палацы адбываецца Міжнародная варшаўская кніжная ярмарка-выстава.

Амаль адразу пасля адкрыцця палацу з яго агляднай пляцоўкі на 30 паверсе пачалі скакаць самагубцы. Цікава тое, што першым самагубцам быў грамадзянін Францыі, пасля яго з жыццём пакончылі шасцёра палякаў. І тады пляцоўка была абцягнутая сеткай, каб пазбегнуць далейшых трагедый. Дарэчы, аглядная пляцоўка працуе і сёння.

У навагоднюю ноч 2000 года на палацы быў адкрыты Гадзіннік тысячагоддзя. Гэта трэці па памеры гадзіннік у Еўропе і трэці ў свеце па вышыні размяшчэння. Яго дыяметр – 6 метраў.
У 2007 годзе Палац культуры й навукі быў унесены ў дзяржаўны рэестр помнікаў архітэктуры, паведамляе партал wawalove.pl.


вс