Беласток у чарговы раз далучыўся да гарадоў, якія выказваюць салідарнасць з Беларусяй. У сталіцы Падляскага ваяводства прайшоў пікет 'ʼСтоп рэпрэсіям у Беларусіʼʼ. Яго ўдзельнікі хацелі выказаць сваю пазіцыю адносна перадвыбарчай сітуацыі і рэпрэсіяў у дачыненні да грамадзянаў краіны. У пікеце прынялі ўдзел каля 40 чалавек, у большасці імігрантаў з Беларусі. Сярод лозунгаў было патрабаванне вызваліць палітвязняў ды патрабаванне сыходу Аляксандра Лукашэнкі.
Як гаварылі нам удзельнікі пікету, нягледзячы на тое, што яны жывуць у Польшчы, яны хочуць выказаць сваю грамадскую пазіцыю адносна падзеяў у Беларусі. Паводле іх меркавання, дзеянні ўлады – гэта доказ на тое, што дзейснаму прэзідэнту час ужо сыходзіць у адстаўку.
У руках тых, хто прыйшоў пад беларускае консульства, былі бел-чырвона-белыя сцягі ды белыя стужкі, як сімвал падтрымкі ў адносінах Святланы Ціханоўскай.
Большасць удзельнікаў пікету збіраецца прыйсці на галасаванне ў беларускае консульства ў Беластоку 9 жніўня. Як сказалі пікетоўцы нашаму журналісту, яны сумняюцца, ці наагул нехта будзе лічыць іхныя галасы, але, прымаючы ўдзел у выбарах, яны такім чынам выкажуць сваю пазіцыю.
слухайце аўдыё
Міхал Сцепанюк
Пікет у Беластоку
Пікет каля беларускага консульства ў Беластоку
Пікет каля беларускага консульства ў Беластоку