100 гадоў таму, 17 жніўня 1920 году, пад вёскай Задвор’е, недалёка Львова, разыгралася адна з найважнейшых бітваў Польска-бальшавіцкай вайны, якую называюць Польскім Фермапілам. Батальён некалькіх сотняў львоўскіх арлянят пад кіраўніцтвам капітана Баляслава Заянчкоўскага стрымаў наступленне Першай коннай Арміі Будзёнага, якая ў выніку адмовілася ад атакі на горад. Бітва пад Задвор’ем стала сімвалам геройскага змагання львоўскай моладзі.
Страты сярод палякаў былі велізарныя. З атраду польскіх добраахвотнікаў, якіх было 330 чалавек, загінула 318 абаронцаў.
З увагі на геройства і ахвярнасць байцоў перад пераважнай сілай ворага бітву пад Задвор’ем назвалі Польскім Фермапілам, адносячыся да геройскага змагання спартанцаў пад лідарствам Леаніда І.
Гісторык Станіслаў Янкоўскі падкрэслівае (размова з Радыё Кракаў у 2017 годзе), што добраахвотнікі з бытыльёна капітана Заянчкоўскага паходзілі з розных сацыяльных слаёў. Як зазначаў гісторык, побач з жаўнерамі змагаліся недасведчаныя добраахвотнікі, якіх характэрызуе адвага і пачуццё патрыятызму:
–Вельмі часта гэта маладыя людзі – паштальён, слесар, якім па 17 гадоў. Было нават і па 16 гадоў. Яны прыходзяць у армію добраахвотнікаў, уступаюць у яе ў чэрвені. Напрыклад, іх накіроўваюць у атрад кулямётчыкаў, ім толькі два разы паказваюць, як карыстацца кулямётамі. І яны адразу ідуць на поле барацьбы.
Бітва пад Загор’ем працягвалася 11 гадзін, казацкая кавалерыя шэсць разоў распачынала неэфектыўны штурм. Польскія абаронцы змагаліся да апошняга патрону, а ў канчатковым этапе бітвы выкарыстоўвалі штыкі.
Станіслаў Янкоўскі падкрэсліваў, што камандзіры сваім стаўленнем давалі маладым добраахвотнікам прыклад непахіснасці:
-Заянчкоўскі – гэта выдатная постаць, выдатны жаўнер. На здымку выглядае не вельмі, бо нізкі, у скураной куртцы, такім ён застаўся ў маёй памяці. Ён стаіць збоку, за калегамі, якія выстаўляюць грудную клетку для здымку. І такім ён быў. Дарэчы, раней падчас баёў у Легіянове ён быў тройчы паранены. Ён пастаянна вяртаўся на поле. Такім быў кіроўны склад.
Гісторык Станіслаў Янкоўскі падкрэсліваў, што польскія добраахвотнікі сутыкнуліся з вялікай жорсткасцю з боку казакоў:
-Гэта дзеці з карабінамі, але яны, напрыклад, былі такія сведчанні, баяцца паганяць штыком каня. Яны гэтага сабе не ўяўляюць, але ў той жа самы час іх б’юць шаблямі. Дзяцей проста зарублівалі шаблямі, альбо іх расстрэльвалі, а шаблямі сяклі тых, хто паддаўся. 318 з іх загінулі.
Бітва пад Загор’ем затрымала армію Сямёна Будзёнага і дазволіла астатнім польскім атрадам прыгатаваць эфектыўную абарону Львова. Яна таксама прычынілася да перамогі ў цэлай Польска-бальшавіцкай вайне.
Гадамі, ажно да Другой сусветнай вайны, шанавалі памяць загінулых у вайне з бальшавікамі пад Задвор’ем, аднак, пасля новага наступлення Чырвонай арміі 17 верасня 1939 году і ў пасляваенны час было забаронена пра гэта гаварыць. Сем’і абаронцаў Львова не маглі адкрыта іх ушаноўваць, не маглі нават прызнавацца да таго, дзе загінулі іх блізкія. Толькі ў 90-х гадах былі адноўленыя месцы, прысвечаныя героям бітвы.
У 1990 годзе на Магіле невядомага жаўнера ў Варшаве, сярод назваў месцаў, дзе былі палі бітвы, побач з Львовам была змешчана назва Задвор’е.
ав