Беларускія праваахоўныя службы не паважаюць храмаў. Шмат сведчыць пра тое, што яны баяцца Бога менш, чым кіраўніка краіны, які застаецца на пасадзе з 1994 года, канстатуе журналіст выдання Rzeczpospolita Руслан Шошын.
Ён нагадвае, што касцёл святых Сымона і Алены ў Мінску - гэта больш, чым звычайная святыня. Падчас улады Лукашэнкі храм стаў сталічнай „крэпасцю” свабоды.
Кожны практыкуючы католік у Мінску ведае, што пераступіўшы парог Чырвонага касцёла, ён знаходзіцца на тэрыторыі іншай - свабоднай Беларусі, дзе чалавек адчувае сябе ў бяспецы, дзе няма страху і цэнзуры.
Цягам двух апошніх тыдняў гэтае месца мела асаблівае значэнне для беларусаў, паколькі побач, на плошчы Незалежнасці, кожны вечар праходзяць мірныя акцыі пратэсту, удзельнікі якіх пратэстуюць супраць фальсіфікацыі выбараў і патрабуюць адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі.
Самыя смелыя праціўнікі беларускага рэжыму прыходзяць на плошчу з бел-чырвона-белымі сцягамі, спяваюць патрыятычныя песні і танцуюць, а пры нагодзе, калі нехта католік, то карыстаецца магчымасцю і заходзіць у касцёл памаліцца за вольную Беларусь. І хоць цягам некалькіх апошніх дзён улады выключаюць святло ў касцёле, то вернікі моляцца пры свечках.
Тым часам у сераду ўвечары падчас разгону мірнай акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасці функцыянеры АМАП бяспраўна зачынілі ўсе дзверы святыні разам з вернікамі, журналістамі і тымі, хто збег туды ад хапуна на плошчы. „Закладнікі” змаглі пакінуць будынак толькі пасля амаль гадзіны, калі адчыніліся аварыйныя дзверы, паведамляе Rzeczpospolita.
Нагадваем, супраць бяспраўных дзеянняў АМАПу з заявай выступіў старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
аз