Часопіс Newsweek піша пра беларускую меншасць у Польшчы, на Падляшшы. Афіцыйна беларусаў у краіне каля 50 тыс., з чаго 90% жыве на Падляшшы, дзе здараюцца вёскі, дзе няма ніводнага католіка.
Польскія беларусы назіраюць за пратэстамі ў Беларусі, кажуць, што адтуль могуць хлынуць у Польшчу людзі, але яны не паедуць на Падляшша, выберуць хутчэй Варшаву або іншыя вялікія гарады. А ўсход вымірае, застаюцца старыя людзі, маладыя едуць у свет.
Ілоне Карпюк 39 гадоў, яна жыве ў Беластоку. Жанчына кажа, што яе пакаленне было тым, якое імкнулася затрымаць асіміляцыю, але цяпер ёй здаецца, што гэта безнадзейная справа. Найлепшы доказ – канец рок-фестывалю музыкі маладой Беларусі «Басовішча». Польскія беларусы кажуць, што ў іх быццам бы дзве айчыны – Польшча і Беларусь, за якую яны вельмі перажываюць. Марыя з Чыжоў злуецца на Лукашэнку – маўляў, як так можна – 26 гадоў кіруе краінай і хацеў бы да смерці. Беларус усё вытрымае, але ў кожнага чалавека ёсць свае межы – таму і рушылі на пратэсты. У маладых людзей адбіраюць будучыню – уздыхае Марыя.
Польскія беларусы, асабліва старэйшае пакаленне, маюць яшчэ ў памяці гістарычныя падзеі – ваеннае ліхалецце, перастаноўкі межаў, пераслед. Адтуль і мова мясцовая – крыху беларуская, але таксама крыху польская і трошкі ў ёй рускай прымесі.
нг