Адварочваеш галаву – б'юць, не так адкажаш на пытанне – бʼюць, маўчыш – бʼюць. Ва ўсёй турме разносіліся крыкі і енкі – беларусы затрыманыя падчас пратэстаў расказалі пра кашмар, які яны перажылі ў арыштах. Іх аповеды перадае польскаму чытачу тыднёвік Newsweek.
Дзяўчына з рыжымі валасамі 13 жніўня выходзіць з арышту і плача:- Дзесяцёх міліцыянераў мяне збівалі. Пагражалі, што забʼюць. Знялі мне нагавіцы і сказалі, што будуць мяне ябаць, што ўласная маці не пазнае, – расказала яна для тэлеграм-каналу Нехта TV. Дзяўчыну затрымалі 9 жніўня.
«Мы атрымліваем мноства паведамленняў ад медыкаў пра страшныя катаванні, якім паддаюцца тысячы людзей у арыштах», – кажа Нехта, які знаходзіцца ў Польшчы.
31-гадовага настаўніка англійскай мовы Паўла Худука схапілі ў цэнтры Мінска ноччу 9/10. Зацягнулі ў будынак Ведамства па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. Кінулі ў кайданках на падлогу тварам уніз. Уключылі паралізатар. Хтосьці з міліцыянераў крыкнуў: Эй, што вы робіце? Ён такі худы, сэрца стане. Электрашокер прыклалі на 3 хвіліны.
Расказ Максіма
10 жніўня рэжысёр дакументальных фільмаў Максім Швед выбраўся на станцыю Пушкінская, дзе праходзілі пратэсты. Людзі расходзіліся, АМАП ішоў у яго бок, Максім адзін стаяў на прыпынку: – Я ашарашаны глядзеў на іх як на герояў «Зорных воен». Я думаў, што хапаюць толькі пратэстоўцаў, але раптам зразумеў, што яны бягуць да мяне.
Спачатку збілі, кінулі ў аўтазак. У пастарунку зрабілі вобшук і знайшлі зялёную фарбу, абвінавацілі, што Максім пісаў на сценах 3%, а потым хтосьці запрапанаваў пафарбаваць яму гэтай фарбай валасы. І зрабілі гэта.
На шматлікіх запісах і здымках, даступных у інтэрнэце, людзі, якія прайшлі арышт, паказваюць сінякі і гематомы, расказваюць, як іх міліцыянеры гвалцілі дубінкамі.
Таксіст Аляксей ехаў з кліентам, калі яго спыніла міліцыя, калі не паказаў дакументы на праверку, то яму зламалі руку. Адвезлі Аляксея ў нейкую спартзалу. Былі там хлопцы і дзяўчаты, некаторыя стаялі на каленах. Міліцыянеры падыходзілі і білі, смяяліся і крычалі: «Мы вас навучым любіць прэзідэнта».
Потым адвезлі Аляксея на Акрэсціна. Там ён бачыў збітую цяжарную жанчыну і ў двары ізалятара кола людзей, якія хадзілі па крузе, а іншыя збівалі іх дубінкамі.
- Я ніколі не бачыў такога зверства ў Беларусі, – кажа Аляксей.
Яшчэ адна гісторыя
Марыя і Юрый 10 жніўня пайшлі ў пастарунак напісаць заяву пра знікненне 23-гадовага сына Ігара. Сын выйшаў на шпацыр у парк Перамогі. Бацькі не ведалі, што сын быў затрыманы і што збілі яго да непрытомнасці, а падчас допытаў у МУС яго білі нават пасля таго, як ён ляжаў у калужы крыві.
Марыю і Юрыя затрымалі на Акрэсціна ў Цэнтры ізаляцыі злачынцаў на чатыры дні.
Праваабаронцы ўпэўнены, што тое, як беларуская міліцыя паводзіць сябе з затрыманымі, гэта катаванні ў адпаведнасці канвенцыі ААН пра забарону здзекаў і катаванняў.
Аўтарка публікацыі ў тыднёвіку Newsweek Агнешка Жондла (Agnieszka Żądło) падрыхтавала артыкул з дапамогай беларускіх журналістаў і праваабаронцаў.
яс