„Палітыка асацыюецца з хлуснёй і папулізмам. Святлана Ціханоўская перамагае шчырасцю, якая вельмі каштоўная для беларусаў”, - кажа ў інтэрв’ю выданню Rzeczpospolita спецыяліст па палітычным маркетынгу Міраслаў Очкась (Mirosław Oczkoś).
„Палітыка ў Беларусі адрозніваецца ад палітыкі на Захадзе - гэта змаганне. Калі б яна (Ціханоўская- рэд.) зараз радыкалізавала мову сваіх выступленняў, то яна б нічога не дасягнула. Яна ўдзельнічала ў перадвыбарчых мітынгах і бачыла, што адбывалася. Калі б яна зараз стала канфрантацыйнай, то сілы Пуціна і Лукашэнкі хутка б яе суцішылі, а беларусы нічога не выйгралі б. Таму эміграцыя Ціханоўскай была станоўчым рашэннем не толькі ў сувязі з дзецьмі, якіх яна хацела абараніць, але і таму, што ў яе цяпер больш магчымасцяў. Зразумела, яна павінна быць з беларусамі, і гэта абавязкова адбудзецца ў адпаведным моманце”, - лічыць Очкась.
Ён нагадвае, што Святлана Ціханоўская хутка пераўтварылася з жонкі кандыдата ў прэзідэнты ў кандыдата.
„Святлана Ціханоўская стала тварам беларускай рэвалюцыі. Тое, што яна скажа, будзе пачутае. Калі б яна заклікала людзей змагацца, яны былі б гатовыя, але гэта было б безадказна, бо пагражала б іх жыццю. Пошукі кансэнсусу, перамовы, абмяркоўванне праблем - гэта правільны кірунак”, - лічыць эксперт.
Паводле яго, дзякуючы Ціханоўскай „свет убачыў Беларусь, якая сёння з’яўляецца жанчынай”. Аднак, ці Святлана Ціханоўская зможа вызваліць Беларусь ад рэжыму?
„Сэрца падказвае, што так. Розум, мяркуе, што ў Беларусі можа пачацца працэс вызвалення ад дыктатуры. Беларусы перасталі верыць усяму, што кажуць дзяржаўныя СМІ. Лукашэнка не разумее, што адключэнне Інтэрнэту таксама не дапаможа, бо будзе нейкі іншы шлях перадачы інфармацыі. Святлана Ціханоўская выклікала беспрэцэдэнтны зрыў у Беларусі і, магчыма, будзе тварам гэтай рэвалюцыі да канца”, - кажа ў інтэрв’ю выданню Rzeczpospolita спецыяліст па палітычным маркетынгу Міраслаў Очкась.
аз