Беларусаў зноў збіваюць падчас акцыяў пратэсту. Калі пасля ўчарашняй акцыі АМАПу колькасць дэманстрантаў пачне змяншацца, Лукашэнка можа хутка пашырыць рэпрэсіі і канчаткова раздушыць грамадскі супраціў. Калі такім чынам адбудзецца, тупік у Беларусі будзе працягвацца надалей, канстатуе Анджэй Пачобут на старонках выдання Gazeta Wyborcza.
У нядзелю ў Мінску зноў дэманстравалі больш за сто тысяч чалавек. Тысячы людзей таксама выйшлі на вуліцы Гродна, Брэста, Магілёва, Гомля і, як мінімум, дзесяці іншых беларускіх гарадоў. Гэта доказ таго, што з моманту фальсіфікацыі выбараў Аляксандр Лукашэнка надалей не кантралюе беларускай вуліцы.
І хоць з аднаго боку бачная стомленасць удзельнікаў пратэстаў, то з другога яны надалей цвёрда настроены выйсці на вуліцу і прадэманстраваць свой супраціў у дачыненні да ўлады.
Адказам Лукашэнкі на пратэсты стала паслядоўнае павелічэнне гвалту супраць дэманстрантаў. Гэта пачалося два тыдні таму з блакавання міліцыянтамі плошчаў, потым пачаліся арышты, а цяпер таксама збіванні дэманстрантаў. У выніку ў нядзельных пратэстаў у Мінску і Гродне пацярпелі, як мінімум, некалькі чалавек.
Незалежны цэнтр абароны правоў чалавека „Вясна” паведамляе, што толькі ў Мінску былі затрыманыя каля 180 чалавек.
Паводле Анджэя Пачобута, збіванне дубінкамі - гэта тэст. Калі ў яго выніку колькасць дэманстрантаў пачне змяншацца, улады могуць хутка павялічыць рэпрэсіі, каб канчаткова здушыць грамадскі супраціў. У іншым выпадку беларускі тупік пад назвай „Лукашэнка кіруе – вуліца пратэстуе” будзе працягвацца.
Пасля таго, як на пачатку пратэстаў улады здзейснілі памылку і перабольшылі з гвалтам, цяпер яны ўжо больш уважліва сочаць за рэакцыяй грамадства. Тым больш, што пазней трэба было рабіць рызыкоўныя крокі назад. Гэта яны сталі прычынай найбуйнейшых дэманстрацый, а беларускае грамадства паверыла, што перамога над Лукашэнкам магчымая.
Улады могуць не вытрымаць падобнай „адлігі” другі раз. Таму гвалт вяртаецца асцярожна. Аднак, шмат сведчыць пра тое, што, акрамя міліцыі, у Лукашэнкі няма іншых аргументаў, таму пералом - гэта выключна пытанне часу, канстатуе Анджэй Пачобут на старонках выдання Gazeta Wyborcza.
аз