Выданне Dziennik Gazeta Prawna замовіла апытанне палякаў, што яны думаюць наконт вакцыны супраць каранавіруснай інфекцыі. Аказалася, што прыкладна палова апытаных не хоча прывіцца супраць COVID-19.
У апошнім часе ўжо дзве фармацэўтычныя кампаніі заявілі пра эфектыўнасць сваіх вакцын – адной на ўзроўні 90% (Pfizer), другой – 94,5% (Moderna). Тым не менш, цяпер на 4 адсоткі менш палякаў заяўляе, што яны скарыстаюцца прышчэпкай, чым на пачатку кастрычніка. Чым бліжэй становіцца перспектыва масавай вакцынацыі, тым больш расце скептыцызм людзей. Шмат яшчэ пытанняў наконт прышчэпкі, напрыклад, невядома, ці дзякуючы ёй удасца перадухіліць перанос віруса з заражаных на здаровых людзей і на працягу якога часу захаваецца імунітэт.
Найлепшае тэставанне вакцыны – увядзенне яе ў абарачэнне. Толькі пасля таго, як прышчэпку атрымаюць мільёны людзей, магчыма будзе сказаць, якая сапраўдная эфектыўнасць гэтых прэпаратаў. Адказ на большасць пытанняў магчымы толькі пасля публікацыі поўных вынікаў клінічных даследаванняў, – гаворыць доктар Эва Аўгустыновіч з Польскага цэнтру гігіены. Тады таксама будзе вядома, як на прэпарат рэагуюць пажылыя асобы, у якіх, як правіла, цяжэй стымуляваць імунітэт. Аднак самае галоўнае – ці вакцынацыя стрымае пандэмію цалкам, ці толькі зменшыць яе маштаб. Адказу на гэтае пытанне пакуль што няма.
нг