Напярэдадні Раства Хрыстовага ў Цэнтры сучаснага мастацтва Уяздоўскага замку ў Варшаве адкрылася выстава пад незвычайнай назвай – «Гэты пакой хоча».
Выключнасць выставы не толькі ў назве, яе стварылі дарослыя людзі з разладам аўтыстычнага спектра. «Гэты пакой хоча» (Ten pokój chce) – вынік сустрэчы творчых людзей, сустрэчы з візуальным мастацтвам, рухам і гукам. Форма інсталяцыі паўстала ў выніку праектавання ў якім удзельнічалі людзі з рознай ступенню разладу аўтыстычнага спектра. Прафесійныя мастакі з цікаўнасцю і задавальненнем суправаджалі ўдзельнікаў працэсу ў пошуку новых спосабаў выказвання сваіх эмоцыяў.
Адна са стваральніц інсталяцыі – 34-гдаовая Марта, у якой разлад аўтыстычнага спектра, была вельмі задаволена ўдзелам у творчым праекце, гаворыць яе матухна Эва:
-Марце вельмі спадабалася, што падчас выканання інсталяцыі было шмат руху. Паводле задмуы, яны вельмі часта наведвалі выставы сучаснага мастацтва, Марта гэта вельмі любіць, мы і раней з ёй хадзілі на такія выставы. Яна здольны пластык, раней мела ўласныя выставы. Да статытчнай пластыкі былі далучаныя рух і музыка. Ёй вельмі цікава.
Як вам падаецца, чаму для людзей з разладам аўтыстычнага спектра творчая рэалізацыя мае магчыма нават большае значэнне, чымсьці для людзей без такога спектра?
-Мне здаецца, што ў большасці такіх людзей крыецца шмат невідавочных талентаў, у тым ліку пластычныя, у іх вельмі добрае ўяўленне. Мая Марта мае вельмі моцнае ўяўленне, творчая рэалізацыя дазваляе такім людзям развівацца. Многія пра гэта нават не ведаюць, бо яны вельмі скрытыя, закрытыя ад грамадства і самае галоўнае, амаль ніхто побач з імі не разумее, які вялікі творачы патэнцыял яны носяць глыбока ў сабе.
Аднак кіраўніца праекта AUT/ART, у рамках якога і паўстала выстава «Гэты пакой хоча», Ана Шара належыць акурат да групы людзей, якія разумеюць вялікі творчы патэнцыял асобаў з аўтыстычным спектрам:
- Цэнтр сучаснага мастацтва Уяздоўскга замку ўжо некалькі гадоў супрацоўнічае з Фондам «Сінапсіс» (Fundacja SYNAPSIS), у якога ёсць вялікі досвед працы з дарослымі людзьмі з разладам аўтыстычнага спектра, дзецьмі і моладдзю. Наш замак вельмі часта наведвалі групы людзей з аўтызмам. Мы заўважылі, што для іх кантакт з сучасным мастацтвам прыносіць добрыя адукацыйна-тэрапеўтычныя вынікі. Яны вучацца, як паводзіць сябе ў новай сітуацыі, у непрадбачаных абставінах. Таму мы вырашылі запрасіць такіх людзей прыняць удзел у доўгатэрміновым творчым праекце. Спачатку мы арганізавалі цыкл азнаямляльных заняткаў. Удзельнікі знаёміліся адзін з адным, а таксама з намі. Знаёміліся з выставамі ў Цэнтры сучаснага мастацтва, даведваліся аб розных формах самавыяўлення. Гэта былі і скульптуры, і інсталяцыі, і карціны, ды іншыя віды мастацтва, якія маглі ў наступным натхніць людзей з разладам аўтыстычнага спектра да таго, каб тварыць самому. Сустрэчы праходзілі кожны тыдзень на працягу двух месяцаў. Затым удзельнікі сустракаліся з мастакамі, якія разам з імі распрацоўвалі канцэпцыі канкрэтных арт-аб'ектаў, якія прадстаўлены ў рамках нашай інсталяцыі. Потым была сустрэча з харэографам і музыкам, з якім яны выбіралі гукавое суправаджэнне.
Інсталяцыю «Гэты пакой хоча» стварылі людзі з разладам аўтыстычнага спектра, яны крыху інакш глядзяць на навакольны свет, інакш успрымаюць яго. Анна, як гэта адлюстравалася на інсталяцыі:
- Атрымалася надзвычай цікавая выстава. Мы не прыдумлялі тэму і назву гэтай інсталяцыі з самага пачатку, як гэта звычайна робіцца. Аднак падчас працы ўсё ўзнікла само сабой. Мы хацелі, каб гэтая інсталяцыя была прысвечана камунікацыі, цяжкасцям зносін з навакольным светам, з якімі сутыкаюцца людзі з разладам аўтыстычнага спектра. Знешні свет вельмі часта сутыкаецца з камунікатыўнымі барʼерамі ў адносінах з імі. Гэтаму і прысвечана інсталяцыя, якая складаецца з шасці экспанатаў. Таксама да гэтага ўсяго мы дадалі харэаграфію, святло і гук. Там прадстаўлены вельмі розныя экспанаты, таму што мы зыходзілі з упадабанняў нашых творцаў. Разам з мастакамі яны выбіралі колеры, формы, фактуры. Яны казалі, што прыносіць ім задавальненне, з чым бы яны хацелі паэксперыментаваць. Гэта пакой, у якім ёсць шэсць сцен, у кожную з якіх быў умантаваны экспанат, спраектаваны чалавекам з разладам аўтыстычнага спектра. У гэтым пакоі выкарыстана спецыяльнае асвятленне, падабрана гукавое суправаджэнне. Таксама падчас адкрыцця адбыўся цікавы перформанс – розныя рухі з гэтымі абʼектамі, быццам бы ажыўленне пакоя. Запісалі гэта на відэа і хутка выкладзем на наш сайт. Зараз мы плануем зрабіць 3d-макет нашай інсталяцыі, які мы таксама выкладзем у інтэрнэт.
Інсталяцыя «Гэты пакой хоча», якая складаецца з шасці сценаў, аздоблена гучаннем голасу кожнага творцы. Невыпадковыя мастакі гавораць аб сваім спосабе адчуваць прастору праз гук, колер, тэкстуру і форму. Створаныя імі абʼекты ўзаемадзейнічаюць адзін з адным, становячыся вобразам іх стваральнікаў – людзей з разладам аўтыстычнага спектра.
Слухайце аўдыё!
Матэрыял падрыхтаваў Эдуард Жолуд.