Сёння я прапаную вашай увазе, замест традыцыйнага агляду розных сродкаў масавай інфармацыі ў Польшчы, паслухаць, што піша штомесячнае выданне беларусаў Падляшша «Часопіс». Гэтае выданне цікавае як зместам, так і тым, што яно выходзіць на некалькіх мовах. І гэта не толькі літаратурныя польская і беларуская мовы, але таксама мясцовая падляская гаворка беларускай мовы, якая запісваецца лацініцай, так званая простая мова.
У выданні вельмі шмат інфармацыі – ёсць і хроніка падзей у Беларусі за апошні час, і важныя для беларусаў Польшчы здарэнні. Напрыклад, ёсць згадка аб звароце Сеймавай камісіі нацыянальных і этнічных меншасцяў да прэм’ер-міністра Польшчы. Гаворка ідзе пра тое, каб кіраўнік Рады міністраў дзяржавы прыняў меры дзеля спынення або запавольвання працэсаў дэпапуляцыі земляў, на якіх пражываюць прадстаўнікі беларускай меншасці. Беларусы хутка асімілююцца па некалькіх прычынах – гэта між іншым адсутнасць перспектываў развіцця рэгіёну з-за геаграфічнага палажэння, абмежавання капіталаўкладанняў, так і стаўлення да беларусаў як да кагосьці іншага, можа нават горшага.
---------------
Журналістка выдання Ксенія Тарасевіч параўноўвае пратэсты ў Беларусі і ў Польшчы. Часам здаецца, што рэвалюцыя – справа заразная. У Беларусі ўжо больш за сто дзён ідзе крывавае змаганне за волю і дэмакратыю. У кастрычніку палякі таксама пачалі актыўна выходзіць на вуліцы, каб адстаяць права жанчын на аборты. Прычыны розныя, але дэманстранты змагаюцца за свае правы падобным чынам.
Аўтарка прыводзіць прыклады – вялікі крэатыў як беларускіх, так і польскіх пратэстаў, заклік да забастоўкі, брутальнасць паліцыі. Аднак ёсць і розніцы. Польскія разгоны пратэстаў адрозніваюцца сваімі мэтамі. Беларускія АМАПаўцы намагаюцца разагнаць проста таму, што яны могуць. Таму што ім падабаецца збіваць і калечыць людзей. Польская ж паліцыя памятае пра ўсе неабходныя захады і трымае мяжу.
Магчыма, таму вулічная актыўнасць у краіне з працуючымі інстытуцыямі хутчэй спрацавала. Урад партыі «Права і справядлівасці» адступае, рашэнне аб забароне абортаў будзе адклікана. Спадзяюся, што і беларускі ўрад скарыцца, – піша Тарасевіч.
---------------
Год заразы – так мы будзем згадваць мінулы год. Ёсць веянне аптымізму ў агульным песімістычным настроі – пачалася вакцынацыя ад каранавіруса, – піша на апошняй паласе Як Максімюк.
Пакуль што мы яшчэ моцна не адчуваем эканамічных наступстваў пандэміі, але яны на пэўна прыйдуць як сусветная бяда. Многа малых бізнесаў збанкрутуе. Вялікія кампаніі будуць абгрунтоўваць звальненні супрацоўнікаў фінансавымі стратамі. Усе гэтыя непрыемныя рэчы чакаюць нас у бліжэйшай будучыні. А калі церпіць эканоміка, пачынаюцца праблемы і ў палітыцы. Надыходзіць сем худых і бурлівых лет, на жаль.
У Беларусі ўлада страціла не толькі падтрымку і давер беларускага грамадства, але і рэшткі чалавекападобнасці. Аднак стаўка рэжыму на гвалт і грубую сілу можа сябе апраўдаць. Гэта значыць, што А. Лукашэнка застанецца пры ўладзе яшчэ на паўгода або на год. Але колькі радасці ад гэтага для беларусаў?
--------------
Лена Глагоўская згадвае дыпламатку Галіну Матэйчук. Яна была паслом у розных краінах свету, а памерла 15 лістапада ва ўзросце 87 гадоў. Матэйчук стала вядомай у 2015 годзе, калі выдала друкаваную кнігу ўспамінаў пра сваю працу.
«Кніга ўразіла мяне сваёй недыпламатычнай шчырасцю. Мала цяпер такіх кніг, ад якіх не можаш адарвацца. У сваіх успамінах Галіна Матэйчук паказала даваенную рэчаіснасць Гарадка, перыяд вайны і пасляваенны грамадскі аванс беднай беларускай моладзі ў Польшчы, які дазволіў шмат каму выбіцца ў людзі, а пані Галіну давёў да дыпламатычнай пасады консула ў Марселі, Ліёне, Ліль, Маскве, Капенгагене ды Кёльне», – піша аўтарка.
Падчас вайны Галіна стала інвалідам, ездзіла на вазку, пад канец жыцця – электрычным. Падсумоўваючы сваё жыццё, яна напісала: «У ім было шмат болю і фізічных пакутаў, і не толькі фізічных. Але было таксама шмат радасці, шчасця, задавальнення ад зробленай працы. Я лічу, што мне пашанцавала жыць у Польскай Народнай Рэспубліцы».
Хацелася б, каб памяць пра яе засталася ў яе родным Гарадку назаўсёды. Можна яе іменем назваць вуліцу, а на доме, дзе жыла Галіна Матэйчук, зрабіць табліцу ў яе гонар, – прапануе Лена Глагоўская.
нг