Вучні ў Польшчы пачынаюць зімовыя канікулы. Сёлета з-за пандэміі каранавіруса і ўведзеных у краіне эпідэміялагічных абмежаванняў зімовы перапынак у школе мае іншы, чым звычайна характар.
З-за пандэміі каранавіруса каткі, лыжныя трасы, кінатэатры і музеі ў Польшчы не працуюць. У традыцыйных школьных лагерах, якія штогод падчас канікулаў арганізоўваюць школы, сёлета змогуць прыняць удзел толькі наймалодшыя вучні базавых школаў. Аднак такія заняткі могуць адбывацца выключна ў адукацыйных установах, а вучні і настаўнікі мусяць прытрымлівацца жорсткіх санітарных абмежаванняў, нагадала прэс-сакратар Міністэрства нацыянальнай адукацыі і навукі Анна Астроўска(Anna Ostrowska):
- У групе можа быць не больш за 12 дзяцей.
Апрача таго група не можа пакідаць адной, вызначанай залы і кантактаваць з іншым, чым са сваім апекуном.
Упершыню за многія гады зімовыя канікулы праходзяць у адным тэрміне па ўсяе Польшчы. Нагадваем, да гэтай пары ў паасобных ваяводствах зімовы перапынак у адбываўся ў розных тэрмінах.
У сваю чаргу дзіцячыя садкі працуюць нармальна, нагадала Анна Астроўска:
- Канікулы – гэта час свабодны для вучняў, падчас якога не адбываюцца адукацыйныя ці выхаваўчыя заняткі. У выпадку дзіцячых садкоў сітуацыя выглядае інакш. У гэтых установах, паводле закону, канікулаў няма, таму яны працуюць нармальна.
Польскае радыё падрыхтавала спецыяльную прапанову на зімовыя канікулы. Эфірны час грамадскай радыёстанцыі будзе запоўнены гульнямі, навуковымі цікавінкамі і віктарынамі.
Першая праграма Польскага радыё будзе рыхтаваць штодзённыя перадачы пад загалоўкам „Зіма з радыё”, якіх можна будзе слухаць з 9.00 да 12.00, паведамляе Магдалена Штурэмска (Magdalena Szturemska) :
- „Зіма з радыё” – гэта эксперыменты, цікавыя навуковыя факты, таксама віктарыны, вядомыя з радыёпраграмы „Чатыры сезоны”(„Cztery Pory Roku”), напрыклад „Што тут не падыходзіць?” („Co tu nie gra?”), але ў маладзёжнай і дзіцячай версіях.
Дзякуючы эксперыментам кожная кухня з сённяшняга дня можа стаць хатняй лабараторыяй. Дастаткова паслухаць Першай праграмы, пераконвае журналістка Агнешка Кунікоўска(Agnieszka Kunikowska):
- У супрацоўніцтве з экспертамі з навуковых цэнтраў мы будзем праводзіць эксперыменты ў прамым эфіры. Спадзяюся, што разам з намі будуць гэта рабіць таксама нашыя радыёслухачы. Усё бяспечна і з выкарыстаннем прадметаў хатняга ўжытку.
Іншыя праграмы Польскага радыё таксама падрыхтавалі атракцыёны для ўсёй сям'і. З 12.00 да 14.00 у рамках перадачы „Канікулы з Трэцяй праграмай” („Ferie z Trójką”) запланаваныя конкурсы, сямейныя прэзентацыі, раманы і казкі ў выкананні Тэатра Польскага радыё, а таксама прапановы для сумеснага правядзення часу з дзецьмі. Гасцямі стануць зоркі музыкі і кіно, псіхолагі і педагогі.
У эфіры „Чацвёртай праграмы” вы зможаце знайсці мноства перадачаў накіраваных для моладзі, у тым ліку: натхняльныя гісторыі ўзнікнення вядомых моладзевых музычных групаў, кінапрагляды, гульні.
У сваю чаргу ў Польскім радыё для дзяцей можна будзе даведацца, як арганізаваць свабодны час для наймалодшых, або як клапаціцца пра іх здароўе і бяспеку, кажа Клаўдыя Барова (Klawdia Borowa):
- Усё ў перадачы „Бацькоўская зона” з панядзелка да пятніцы ад 21.00 да 23.00.
На сайце „Канікулы Польскае Радыё” можна будзе знайсці прапановы казак, радыёспектакляў і іншых перадачаў, даступных у інтэрнэце. Прапанова будзе ўключаць, у першую чаргу, пастаноўкі Тэатра Польскага радыё і адукацыйныя праграмы Польскага радыё для дзяцей.
У сваю чаргу заахвочваць дзяцей займацца спортам падчас канікулаў у рамках акцыі „Інтэрнэт-канікулы - практыкуйцеся з намі” будуць лепшыя жаўнеры-спартсмены, паведаміў міністр абароны Марыюш Блашчак(Mariusz Błaszczak):
- Кожны дзень, а 10.00 да канца канікулаў, жаўнеры- спартсмены будуць праводзіць заняткі па фізкультуры. Добрая форма важная не толькі падчас пандэміі. Спадзяюся, што нашыя жаўнеры прычыняцца да таго, што моладзь будзе клапаціцца пра кандыцыю нават пасля канікулаў.
Анлайн-мерапрыемствы для дзяцей рыхтуюць таксама шматлікія культурніцкія ўстановы па ўсяе Польшчы. Напрыклад, з сённяшняга дня да 17 студзеня сем каралеўскіх сядзібаў ладзяць акцыю „Каралеўскія канікулы ў інтэрнэце”. Дырэктар Музея ў Каралеўскім замку ў Варшаве прафесар Войцех Фалкоўскі (Wojciech Fałkowski) запрашае на віртуальныя туры:
- Раней Каралеўскі замак ужо рыхтаваў „Бясплатны лістапад” анлайн у каралеўскіх сядзібах, а цяпер арганізоўвае і каардынуе віртуальныя туры па сямі каралеўскіх сядзібах пад назвай „Каралеўскія канікулы”.
На інтэрнэт-канікулы запрашаюць таксама Нацыянальны музей у Варшаве, Музей сучаснага мастацтва ў Варшаве, Нацыянальны музей ва Ўроцлаве, Музей палаца караля Яна ІІІ у Вілянове і Музей Юзафа Пілсудскага ў Суляёўку.
Зімовыя канікулы будуць доўжыцца з 4 да 17 студзеня. Яны супадаюць у часе з нацыянальным каранцінам, які працягваецца ў Польшчы з 28 снежня да 17 студзеня.
Надоечы ў эфіры грамадскага Польскага радыё міністр адукацыі і навукі Пшэмыслаў Чарнэк (Przemysław Czarnek) заявіў, што, калі гаворка ідзе пра магчымае вяртанне дзяцей у школы, то вырашальным будзе наступны тыдзень.
- Найбольш верагодны сцэнар, калі нічога не зменіцца, гэта тое, што пасля 17 студзеня на заняткі ў базавыя школы вернуцца вучні класаў ад першай да трэцяй.
Тым часам прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Войцех Андрусевіч (Wojciech Andrusiewicz) паведаміў, што ў апошні тыдзень зімовых канікулаў пачнецца тэставанне настаўнікаў самых наймалодшых класаў на наяўнасць каранавіруса.
- Тэсты будуць мець добраахвотны характар. Аднак вядома, што той, хто атрымае станоўчы вынік у школу пакуль не вернецца
У студзені, паводле заяваў польскіх уладаў, пачнецца вакцынацыя настаўнікаў.
аз