Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У Польшчы разгарэўся скандал у сувязі з вакцынацыяй актораў паза чарговасцю

04.01.2021 17:09
Паявіліся тлумачэнні, што вядомыя акторы, якім паставілі прышчэпку, павінны былі ўдзельнічаць у кампаніі папулярызацыі вакцыны.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjneShutterstock/Mongkolchon Akesin

Пад канец мінулага года ў Польшчы стала вядома, што некаторыя вядомыя асобы або высокапастаўленыя палітыкі атрымалі вакцыну ад Сарс-сов-2 паза чарговасцю. Разгарэўся скандал. Спачатку паявіліся тлумачэнні, што вядомыя акторы, якім паставілі прышчэпку, павінны былі ўдзельнічаць у кампаніі папулярызацыі вакцыны. Цяпер жа аказваецца, што яны не мелі нічога супольнага з рэкламнай кампаніяй – піша выданне Rzeczpospolita.

У панядзелак Нацыянальны фонд здароўя праводзіць праверку выкарыстання ў бальніцы Варшаўскага медычнага ўніверсітэту вакцыны ад каранавіруса, прызначанай для медычных работнікаў або членаў іх сем’яў, калі б вакцына магла змарнавацца. Праверку праводзіць таксама ўніверсітэт – чаму прышчэпку атрымалі між іншым акторы Крыстына Янда ды Віктар Збароўскі.

Каментатар выдання піша, што ў снежні памерла 37-гадовая медсястра аднаго з варшаўскіх шпіталяў. Яна стала 32-ой ахвярай пандэміі сярод медсясцёр. Магчыма, калі б вакцына паявілася раней, яна засталася б у жывых. Свет не пачуў пра яе геройства, затое пачуў пра актораў, якія пахваліліся ў сацсетках, што атрымалі ўкол. Яны правялі сваю маладосць у Польскай Народнай Рэспубліцы, дзе нармальнай з’явай было атрымаць нешта з-пад прылаўка. Тады шмат рэчаў трэба было дастаць, а не купіць.

Правілы вакцынацыі былі для ўсіх зразумелыя – першымі ўкол атрымліваюць медыкі і медработнікі, якія падвяргаюцца самай вялікай небяспецы. Скандал з прышчэпкамі паказаў, што для некаторых гэтыя правілы былі толькі тэорыяй.

Іншае выданне – Polska Times – дадае, што, парадаксальна, гэтая афёра з вакцынай можа станоўча паўплываць на папулярызацыю прышчэпак. Многія людзі, якія цяпер сумняюцца, ці варта ісці на ўкол, вырашаць яго зрабіць, калі вакцына стала прадметам жадання нават славутых актораў ды палітыкаў.

нг