Беларуская Служба

Пабочныя эфекты ад вакцыны супраць каранавіруса здараюцца нячаста

23.02.2021 15:38
Здараліся выпадкі павышанай тэмпературы, дрэннага самаадчування і ліхаманкі.
.
Вакцынацыя. Ілюстрацыяфота: PAP/EPA/ATEF SAFADI

Dziennik Gazeta Prawna піша пра вакцынацыю палякаў ад каранавіруснай інфекцыі. Выданне звярнулася ў Міністэрства аховы здароўя з просьбаю паведаміць пра пабочныя дзеянні прышчэпак. Аказваецца, што пабочных эфектаў няшмат і яны пераважна невялікія.

Мінзадроўя паведаміла, што да 17 лютага пастаўлена звыш двух з паловай мільёнаў прышчэпак прэпаратам кампаніі Pfizer, 53 тысячы – вакцынай ад Maderna і амаль 94,5 тыс прышчэпак ад фірмы AstraZeneka.

Усе непажаданыя пабочныя эфекты вядомыя, паколькі існуе абавязак інфармаваць пра іх у адпаведныя органы. Іх адносна няшмат – 0,07% для вакцыны Pfizer, 0,025% у выпадку прышчэпак Maderna і 0,12% для прэпарату AstraZeneka.

Гэтыя дадзеныя паказваюць, што пабочныя эфекты паяўляюцца вельмі рэдка. Дарэчы, на ўсім свеце было прышчэплена ўжо шмат мільёнаў людзей, так што вакцына ад каранавіруса сапраўды бяспечная.

Трэба таксама адзначыць, што з усіх зафіксаваных крыху больш чым двух тысяч шасцісот пабочных эфектаў абсалютная большасць – 2,2 тыс – невялікія: пачырваненне і слабы боль у месцы ўколу. Здараліся таксама выпадкі павышанай тэмпературы, дрэннага самаадчування і ліхаманкі. Былі і смерці пасля вакцынацыі, але ў ніводным выпадку не было знойдзена прамой сувязі паміж прышчэпкай і лятальным зыходам.

нг