Уваскрэсенне Хрыста - гэта выкананне старазапаветных пераказаў. Гэта таксама радасць з месіянскай місіі Хрыста, якой чакалі старазапаветныя прарокі. Згаданая місія спаўняецца ў яго ўваскрэсенні, даючы радасць і надзею ўсім, хто ў яго верыць.
Пра радасць з уваскрэсення Хрыста, пра якую гаворыць як Стары, так і Новы Запаветы, мы размаўляем з біблеістам, выкладчыкам Папскага тэалагічнага факультэта ксяндзом Анджэем Тулеям (Andrzej Tulej).
Скажыце калі ласка, ці радасць, прадстаўлена ў Старым і Новым Запаветах, моцна адрозніваецца?
- Калі зірнуць на статыстыку, то ў Бібліі, напісанай на іўрыце, можна знайсці больш за дзесяць слоў, якія называюць стан радасці. У сваю чаргу ў Новым Запавеце, які быў напісаны па-грэчаску, можна знайсці іх толькі пяць. У гэтым аспекце відаць, што іўрыт багацейшы… Але давайце патлумачым ад пачатку, у якім аспекце ў Старым Запавеце з'яўляецца ідэя радасці. Яна бачная пры нагодзе канкрэтных падзеяў, паказаных у Бібліі. Гэта, напрыклад, радасць, звязаная з ураджаем, зборам вінаграду, вяселлем, ваеннай перамогай ці нараджэннем. Прарок Ісая піша так: „Ты памножыў радасць!” або „Яны радаваліся Табе, як радуюцца ўраджаю!”. Можна падсумаваць, што першая група тэкстаў адносіцца да такой простай радасці з таго, што, скажам так, атрымалася. У сваю чаргу іншая форма радасці адносіцца да святкавання. Мы ведаем, што ў ізраільцянаў было шмат рэлігійных святаў. Тры асноўныя - гэта Пасха, Свята тыдня і Свята палатак, якое адзначалася восенню. Пазней таксама з'яўляецца Шабат і іншыя святы. З усімі звязаная радасць. Радасць дамінуе ў рэлігійным кульце, паколькі культ - гэта расхвальванне.
Стары Запавет паказвае радасць, скажам так, нягледзячы на нешта - напрыклад, нягледзячы на бяду, высілак і паразу. Але радасці трэба таксама вучыцца, пра што кажа Псалм нумар 89: „Шчаслівы народ, які ўмее радавацца”. Ці Стары і Новы Запаветы паказваюць нам, як вучуцца гэтай Божай радасці?
- Сапраўды, калі мы пераходзім ад Старога да Новага Запаветаў, то можна казаць пра нейкую змену падыходу. Несумненна, супольным для абедзвюх святых кнігаў з’яўляецца радасць з факту існавання Бога; што з Богам можна гаварыць, аб’ядноўвацца ў малітве. Аднак у Новым Запавеце маем ужо дадатковы хрысталагічны аспект, звязаны з увасабленнем Бога, з тым, што Ён да нас прыйшоў. У гэтым аспекце ідэя збаўлення атрымлівае хрысталагічнае вымярэнне. Хрыстос – Збаўца, становіцца крыніцай евангельскай радасці. Новы Запавет аб’яўляе Евангелле, якое называюць таксама Добрай альбо Радаснай навіной і ён, сказам так, заліты радасцю, якая мяняе боль і пакуты ў святло Вялікадня. Хрысціянскім выклікам з’яўляюцца словы святога Паўла да Філіпіянаў – супольнасці, якая змагаецца з рознымі праблемамі: „Радуйцеся заўсёды ў Госпадзе!”. Гэты заклік супадае з Першым лістом святога Пятра: „Вы будзеце радавацца невымоўнай і слаўнай радасцю, калі дасягняце мэту сваёй веры - збаўлення душы”. Гэта зноў радасць, якая вынікае са збаўлення, то бок чалавек дасягае сапраўднай радасці тады, калі імкнецца да збаўлення.
Тады згаданая радасць – гэта таксама радасць надзеі на тое, што кожны з нас уваскрэсне, як Хрыстос, зразумела, калі будзе ў яго верыць. Гэта чарговая праява радасці, пра якую гаворыць Біблія. Здаецца яно не менш, важнае?
- Так. Гаворка ідзе пра аб’яцанне, дадзенае Хрыстом, якое неаднойчы падтрымліваў святы Павел у сваіх лістах. Калі Хрыстоў уваскрэс, то мы таксама ўваскрэснем. Мы як людзі пераадольваем такі ж шлях, як увасоблены Хрыстос. Нам аб’яцалі Неба і ўваскрэсенне. Гэтая надзея павінна пранікаць усё нашае рэлігійнае жыццё.
Пра розныя вымярэнні радасці ў Старым і Новым Запаветах расказваў біблеіст, выкладчык Папскага тэалагічнага факультэта ксёндз Анджэй Тулей, з якім размаўляў журналіст Польскага радыё Пшэмыслаў Галаўскі.
аз