Польскія ўлады гарантуюць легальным замежнікам бясплатную вакцынацыю супраць COVID-19, але не называюць падрабязных умоў, якія яны павінны выканаць для гэтага, піша Rzeczpospolita. „Усё, што вам трэба, гэта від на жыхарства. Вы павінны прадаставіць таксама нумар Універсальнай электроннай сістэмы рэгістрацыі насельніцтва (PESEL) і пашпарт”, - можна пачуць, тэлефануючы на адмысловы нумар Нацыянальнай праграмы вакцынацыі, дзе, дарэчы, размаўляюць на польскай, англійскай, рускай і ўкраінскай мовах. Пра права бясплатна прывіцца ў Польшчы іншаземцы даведаліся з урадавага дакумента „Нацыянальная праграма вакцынацыі супраць COVID-19”.
Аднак, паводле юрыста з дарадчыцкай кампаніі JP Weber Адама Смугі, згаданыя палажэнні даволі агульныя. Таму і кампанія накіравала запыт па гэтай справе ў Канцылярыю прэм’ера.
На сайце амбудсмена чытаем, што замежнікі, якія маюць права на пастаяннае альбо часовае пражыванне ў Польшчы, рэгіструюцца на прышчэпкі ў адпаведнасці з агульнапрынятымі правіламі, у залежнасці ад узросту, прафесійнай групы і г. д.
Аднак, амбудсмен ужо напрыканцы студзеня бягучага года звярнуў увагу, што парадак правядзення прафілактычных прышчэпак супраць COVID-19 указаны ў палажэннях Нацыянальнай праграмы вакцынацыі можа выключаць з праграмы некаторых замежнікаў. Гаворка ідзе пра іншаземцаў, якія, напрыклад, знаходзяцца ў Польшчы на падставе візы, чакаюць разгляду заяў на атрыманне віду на жыхарства, падпадаюць пад міжнародную абарону, або толькі што звярнуліся за такой абаронай.
„Дакумент не гарантуе вакцынацыі гэтых людзей на апошнім, ІІІ этапе вакцынацыі, то бок падчас агульнай вакцынацыі дарослага насельніцтва ў Польшчы”, - падкрэсліў амбудсмен.
„Сёння мы ведаем, што пропускам да рэгістрацыі на прышчэпку з’яўляецца нумар Універсальнай электроннай сістэмы рэгістрацыі насельніцтва (PESEL), які дазваляе лекару выпісаць адпаведнае скіраванне. Таму мы раім кліентам як мага хутчэй падаць заяўку на атрыманне згаданага нумару. Аднак, мы хацелі б ведаць, на якіх умовах могуць прывіцца ў Польшчы, напрыклад, грамадзяне Еўрапейскага Саюза, якія не мусяць легалізаваць сваё знаходжанне ў Польшчы і могуць знаходзіцца ў Польшчы без візы і віду на жыхарства?”, - кажа Адам Смуга ў размове з выданнем Rzeczpospolita.
Ён нагадвае, што такія асобы абавязаныя рэгістраваць сваё знаходжанне толькі пасля трох месяцаў пражывання ў Польшчы.
аз