Беларуская Служба

Тыдзень супраць катаванняў як ніколі актуальны для Беларусі

26.06.2021 08:11
«Пакуль рэжым Лукашэнкі не спыніць свайго існавання, катаванні ў Беларусі таксама не знікнуць».
Аўдыё
  • Тыдзень супраць катаванняў як ніколі актуальны для Беларусі
Збітыя пасля выбараўфота: Вясна

Пакуль рэжым Лукашэнкі не спыніць свайго існавання, катаванні ў Беларусі таксама не знікнуць – такое перакананне прагучала падчас анлайн-форума «Новая Беларусь супраць катаванняў», які прайшоў з нагоды Тыдня супраць катаванняў.

Міжнародны дзень дапамогі ахвярам катаванняў штогод адзначаецца 26 чэрвеня. Дзень быў устаноўлены Генеральнай Асамблеяй ААН у 1997 па просьбе Эканамічнага і Сацыяльнага Савета.

2020 год стаў для Беларусі выключным, калі казаць пра катаванні. На анлайн-форуме «Новая Беларусь супраць катаванняў» з уступным словам выступіла Святлана Ціханоўская. Яна заклікала кіраўніцтва краін да максімальнага ціску на рэжым і да дапамогі людзям, якія ад яго пацярпелі.

-Мы працягваем ствараць і сістэматызаваць інструменты збору і сістэматызацыі інфармацыі пра злачынствы і катаванні. Мы заклікаем рабіць усё магчымае, каб у цэнтры Еўропы не паявілася новая Паўночная Карэя ці турма на 9 млн чалавек. У вашых сілах прасоўваць справы па ўніверсальнай юрысдыкцыі, дапамагаць збіраць факты і доказы для міжнародных расследаванняў злачынстваў рэжыма. Як мага грамчэй казаць пра тое, што адбываецца з нявіннымі людзьмі ў турмах у нашай Радзіме. Выкарыстоўваць усе рычагі прыцягнення вінаватых да адказнасці. Цяпер і на будучых судах чэснай, новай Беларусі.

Катаванні ў Беларусі не закончыліся ў жніўні мінулага году – адзначыў кіраўнік НАУ Павал Латушка. Ёг перакананы, што за міжнароднай супольнасцю стаіць пытанне прыцягнення да адказнасці тых, хто адказвае за гэтыя злачынствы. Калі гэтага не адбудзецца, то гісторыя можа паўтарыцца ў любой іншай краіне свету.

-Мы павінны сабраць і ўпарадкаваць усе доказы катаванняў, жорсткага і бесчалавечнага стаўлення з боку фашысцкага рэжыму ў Беларусі. Для гэтага была створана міжнародная платформа. Усе вінаватыя павінны быць пакараныя. Якія інструменты ёсць у нас і ў міжнароднай супольнасці? У першую чаргу прымяненне ўніверсальнай юрысдыкцыі ў сувязі з канвенцыяй ААН. Я звяртаюся да ўсіх краін, дзе часова знаходзяцца ахвяры катаванняў з Беларусі: выкарыстоўвайце гэты інструмент, дайце права яго выкарыстоўваць. У першую чаргу гэта тычыцца нашых суседзяў.

Латушка падтрымаў ініцыятыву Еўрапарламента з 10 чэрвеня бягучага году па стварэнні Міжнароднага трыбуналу для судовага пераследу асоб, падазраваных у злачынствах супраць беларускага народа. Павел Латушка адзначыў, што нельга спыняцца да моманту, пакуль рэжым не спыніць існаванне.

Беларускі праваабаронца Гары Паганяйла, які ўзначальвае беларускі Хельсінскі камітэт, правёў гістарычныя паралелі, параўнаў цяперашнюю сітуацыю з тым, што адбывалася ў гісторыі Беларусі.

-Калі коратка гаварыць пра гістарычны аспект, то толькі чырвоны тэрор, даваенныя годы, якія забралі мільёны жыццяў нашых грамадзян у СССР, і толькі падчас нямецкай акупацыі ў 1941-1945 гадах нашае насельніцтва сустракалася з такім жорсткім стаўленнем да грамадзян. Тое, што цяпер назіраецца ў Беларусі, беспрэцэдэнтна на фоне гісторыі. Я асабіста не раз казаў, што цяпер беларускае насельніцтва жыве ва ўмовах акупацыі. А акупантамі, на жаль, з’яўляюцца самыя ўлады.

Адвакат Міхаіл Кірылюк, якога пазбавілі юрыдычнай ліцэнзіі нібыта за абразы дзяржструктур, нагадаў, што з пачатку выбарчай кампаніі ў Беларусі праца адвакатаў стала вельмі складанай. Некаторыя з іх за абарону пратэстоўцаў былі пазбаўленыя ліцэнзіі. Паводле Кірылюка, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, праца адваката ў Беларусі вельмі патрэбная.

-Сэнс працы адваката ёсць прынамсі ў тым, каб даходзіла даставерная інфармацыя з месцаў пазбаўлення волі да сваякоў і ў адваротным напрамку. Адвакаты цяпер патрэбныя, важныя. Важна адрозніваць людзей, якія сапраўды перадаюць інфармацыю пра ўмовы і ў гэтых акалічнасцях даюць парады, ад працы адвакатаў, якія намаўляюць супрацоўнічаць са следствам. Хоць безумоўна людзям, якія трапілі ў турму, ім сваякам не так проста адрозніць адных ад другіх.

Юлія Леванчук пасля пазбаўлення яе адвакацкай ліцэнзіі выехала ў Літву. Паводле яе, да праблемы катаванняў важна падыходзіць з некалькіх бакоў.

-Ёсць факты, якія ўжо здзейсніліся. Гэта людзі, якія павінны быць прызнаныя пацярпелымі ў рамках крымінальных спраў у тых краінах, дзе яны знаходзяцца. Пасля падзення рэжыму ў Беларусі адпаведным чынам павінна быць адноўлена іх права на справядлівасць. І ёсць катаванні, якія працягваюцца па сённяшні дзень. У гэтым выпадку патрэбная праца, каб спыніць прынамсі ў нейкім фармаце тое, што адбываецца ў РАУСах, ІЧУС, следчых ізалятарах, турмах для таго, каб больш не было ахвяраў, якія мы бачым на працягу ўсяго пратэсту, які адбываецца ў Беларусі.

Ганаровымі гасцямі на форуме «Новая Беларусь супраць катаванняў» сталі намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Кара Макдональд і спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марын.

ав