Станіслаў Скальскі яшчэ пры жыцці стаў легендай. Ён быў асам і героем бітвы за Брытанію. Калегі-лётчыкі казалі, што ў яго «птушыны інстынкт», а ворагі называлі яго «лятаючай смерцю». Ён ваяваў з першага да апошняга дня Другой сусветнай вайны. Скальскаму прыйшлося змагацца ў складзе двух армій на трох розных франтах і паставіць два «баявыя рэкорды» — ён стаў самым выніковым польскім лётчыкам, а пасля і лепшым польскім асам усёй вайны.
Станіслаў Скальскі нарадзіўся 27 лістапада 1915 года ў горадзе Кадыма Падольскай губерні. Ягоны бацька быў аграномам у маёнтку князя Трубяцкога. У 1918-м сям'я пераехала пад Харкаў, затым у Збараж, а ў 1923 годзе пасялілася ў горадзе Дубна (цяпер Ровенскай вобласці). Там Станіслаў скончыў пачатковую школу, а затым — гімназію. Нагадаем, да Другой сусветнай вайны радзіма будучага лётчыка ўваходзіла ў склад Польшчы.
Паспяхова здаў уступныя экзамены ў Варшаўскі політэхнічны ўніверсітэт. У мясцовым планерным аэраклубе ўзнікла яго любоў да авіяцыі. Выдатныя лётныя вынікі і моцнае здароўе дазволілі паступіць у Дэмблінскую ваенна-авіяцыйную школу, пасля заканчэння якой Скальскаму прысвоілі званне падпаручніка і накіравалі ў авіяцыйны полк у Торуні.
Станіслаў Скальскі атрымлівае баявую ўзнагароду. Першая палова 1940 гадоў, Вялікабрытанія. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe.
Дарэчы, у Станіслава Скальскага была мянушка «Грамадзянскі», якую ён атрымаў ад калег з Дэмбліна. Справа ў тым, што ён ніяк не мог прызвычаіцца да вайсковай дысцыпліны. Ён тройчы атрымліваў спагнанні: на 14 сутак яго ўпяклі на гаўптвахту за абразу свайго начальніка, на 7 сутак — за наўмыснае адкрыццё парашута з затрымкай, і на 3 сутак — за намер удзельнічаць у вайне супраць Японіі на баку Кітая.
Баявое хрышчэнне малады афіцэр атрымаў у верасні 1939 года. Тады ён па трывозе падняўся ў паветра і атакаваў нямецкі самалёт-разведчык. Станіслаў прызямліўся побач са збітым самалётам і абараніў экіпаж ад самасуда натоўпу, пасля чаго дапамог адправіць нямецкіх лётчыкаў у шпіталь. Немцы перажылі вайну, і ў 1990 годзе адбылася сустрэча Скальскага з былым лётчыкам-назіральнікам Фрыцам Вімерам. Гэты прыклад — таксама сведчанне таго, якім чалавекам быў афіцэр.
Маёр Станіслаў Скальскі (у цэнтры) з маршалам Каралеўскіх ВПС Вялікабрытаніі Артурам Конінгемам (злева) і польскім генералам рода войск Казімежам Саснкоўскім. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe.
У верасні 1939 года атрымаў чатыры асабістыя і дзве групавыя перамогі, што зʼяўляецца рэкордам для польскай авіяцыі падчас ваенных дзеянняў супраць немцаў. Пасля паразы Польшчы ў 1939 годзе маладому афіцэру ўдалося пакінуць радзіму і перабрацца на Захад.
І менавіта там праславіўся Станіслаў Скальскі падчас бітвы за Брытанію. Ён двойчы цудам пазбягаў смерці. У верасні 1940-га ў апошні момант перад выбухам ён выскачыў з парашутам з палаючага самалёта. Цікава, што эскадрыллю, якой ён камандаваў, называлі «Цыркам Скальскага» — за смеласць і віртуознасць у паветры.
У бітве за дамінаванне ў небе Вялікабрытаніі паміж Люфтвафэ і Каралеўскімі паветранымі сіламі разам з англійскімі пілотамі ўдзельнічалі 140 польскіх лётчыкаў. Сярод іх найбольш вызначыўся менавіта Станіслаў Скальскі.
Ён быў збіты два разы. У 1985 годзе ў размове з журналістам Польскага радыё лётчык гэтак згадваў свой першы выпадак збіцця.
— Першы раз мяне збілі выпадкова. Я вяртаўся на базу ўздоўж каналу Ла-Манш. І раптам з’явіўся немец, які вяртаўся пасля акцыі дадому. Я вяртаўся дадому, і ён вяртаўся дадому, і мы сустрэліся лоб у лоб. Але ў мяне не засталося боепрыпасаў, таму ён адкрыў агонь. Мой рухавік заглох. Я працягваў палёт, пакуль не спыніўся прапелер. Я тады лётаў на самалётах Hurricane 1. Мне ўдалося выпрастаць яго і я пачаў шукаць месца для аварыйнай пасадкі. Я падцягнуў ногі пад сябе, каб не паламаць пры прызямленні, закрыў вочы і галаву рукамі, і сеў у садзе нейкіх англічан, літаральна за 5-10 метраў ад балкона. І пайшоў піць чай, на які мяне запрасілі гаспадары дому. Я выпіў гарбаты і патэлефанаваў на бліжэйшы аэрадром. Неўзабаве за мной прыехаў англійскі капітан, які адвёз мяне на чыгуначную станцыю. Калі я сядзеў ужо ў купэ, адкрыліся дзверы і англійскія жандары ўвялі ў яго пяць нямецкіх лётчыкаў, збітых над Вялікабрытаніяй. І вось мы так разам ехалі. Я раней выйшаў, а немцаў павезлі ў лагер для ваеннапалонных.
Пасля вайны лепшаму асу, узнагароджанаму высокімі ўзнагародамі, прапаноўвалі пасады ў ваенна-паветраных сілах Вялікабрытаніі, ЗША і Пакістана. Англічане давалі Скальскаму грамадзянства Вялікабрытаніі, магчымасць працягу авіяцыйнай карʼеры і выкладання ў акадэміі, але ён у 1947 годзе вярнуўся ў Польшчу.
Маёр Станіслаў Скальскі (першы справа) сярод афіцэраў ВПС Польшчы, Варшава, 1948 год. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe.
Камандаванне ВПС Войска Польскага запрапанавала яму пасаду інспектара тэхнікі пілатавання. Карʼера пілота аднак не склалася, таму што 4 чэрвеня 1948 года яго арыштавалі па фальшывым абвінавачанні ў шпіянажы на карысць Вялікабрытаніі.
Станіслава Скальскага змясцілі пад варту і падверглі жорсткім допытам і катаванням, якія працягваліся да ліпеня 1949 года.
— Не ўсе былі аднолькавыя, калі справа даходзіла да збіцця, — успамінаў Скальскі праз гады. — Памятаю гадзіны, праведзеныя ў кампаніі кіраўнікоў следчага аддзела… Усяго іх было пяцёра. Яны не апускаліся да палак. Білі з халодным разлікам, білі нас гумамі і нечым, што свістала — думаю, гэта былі палоскі меднага ліста або дроту. Пасля кожнага ўдару чалавек адчуваў, быццам яму адрэзалі кавалак цела, збіццё — як чвартаванне.
7 красавіка 1950 года Скальскага прыгаварылі да смяротнага пакарання на сталінскім паказальным працэсе.
Прапанову напісаць прашэнне аб памілаванні да ўладаў ён адхіліў, правёўшы год у камеры смяротнікаў.
У 1951 годзе прэзідэнт Польшчы Баляслаў Берут пасля неаднаразовых просьбаў сямʼі і ваенных пабрацімаў памілаваў афіцэра. Расстрэл замянілі на пажыццёвае зняволенне. У 1956 годзе Вярхоўны вайсковы суд Польшчы перагледзеў справу Скальскага, адмяніў прыгавор і яго рэабілітаваў. Станіслаў Скальскі атрымаў таксама кампенсацыю за бяспраўнае зняволенне ў памеры 79 тыс. злотых. У тыя часы гэта прыкладна сума сярэдніх зарплат за шэсць гадоў, а новы аўтамабіль FSO Warszawa M-20 каштаваў 120 тыс. злотых. Неўзабаве ў часопісе Świat выйшаў вялікі артыкул пра фальсіфікацыю следства па справе Скальскага і судовы працэс.
У тыж жа годзе ён вярнуўся ў армію і ў званні маёра служыў у штабе ВПС Польшчы. У 1957 годзе атрымаў званне палкоўніка. Нягледзячы на тое, што афіцэр прайшоў курсы пілатавання рэактыўных самалётаў, ён пераважна служыў у штабах. У 1972 годзе па ўласнай просьбе быў адпраўлены ў запас. У 1988 годзе на моцы рашэння Дзяржаўнай рады ПНР Скальскаму было прысвоенае званне брыгаднага генерала (генерал-маёра – рэд.).
Брыгадны генерал Станіслаў Скальскі вітаецца з тагачасным прэзідэнтам Лехам Валэнсам, 4 верасня 1992 года. Крыніца: PAP/Janusz Mazur
Станіслаў Скальскі быў заўсёды актыўны: прымаў удзел у працы грамадскіх арганізацый, пісаў артыкулы, удзельнічаў у стварэнні мастацкіх фільмаў пра вайну. Памёр генерал у 2004 годзе на 89 годзе жыцця.
У ходзе вайны лётчык збіў 24 варожыя самалёты, у тым ліку шэсць — падчас польскай абароннай кампаніі ў верасні 1939 года.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл
Відэа: прома-ролік мастацкага фільму «Эскадрылля 303» з 2018 года. У ім апавядаецца гісторыя адной з двух польскіх эскадрылляў, якія змагаліся падчас бітвы за Брытанію ў часе Другой сусветнай вайны.