У Сейм (ніжэйшая палата парламенту) унесены законапраект аб забароне выкарыстоўвання феерверкаў і петардаў прыватнымі асобамі. Мэта новага закону – пазбегнуць сітуацый, якія «выклікаюць пакуты жывёл, падвяргаюць іх небяспецы страты здароўя ці жыцця» – піша сайт Niezalezna. Праект паправак у закон аб ахове жывёлы і закон аб выбуховых рэчывах уводзіць забарону на выкарыстанне «феерверкаў класа F2 і F3». Згодна праекту, забарона не будзе распаўсюджвацца на прадпрымальнікаў і навуковыя арганізацыі. Законапраект прадугледжвае, што кіраўніцтва гміны зможа вызначыць 31 снежня і 1 студзеня днямі, у якія забарона на прыватнае выкарыстанне піратэхнічных вырабаў не будзе дзейнічаць.
«Тэма петардаў і феерверкаў паяўляецца ў асноўным перад навагодняй ноччу і пасля яе. Мы прадстаўляем гэты праект раней, спадзеючыся, што ён будзе прыняты да Новага года – сказала кіраўнік Парламенцкай групы сяброў жывёл Катажына Пекарска (з палітычнай групоўкі «Грамадзянская кааліцыя»). «Гаворка ідзе ў першую чаргу пра абмежаванне продажу феерверкаў і петардаў прыватным асобам. Мы спадзяемся, што гэта прывядзе да меншага маштабу выкарыстання феерверкаў у навагоднюю ноч», – дадала Пекарска. Яна нагадала, што петарды, выпушчаныя ў навагоднюю ноч, выклікаюць у жывёлы вялікі стрэс, а таксама абуджаюць дзікіх звяроў з зімовага сну.
«Больш за тое, пасля навагодняй ночы часта можна ўбачыць трупы птушак, якія ляжаць на вуліцах», – адзначыла Пекарска і дадала, што застанецца магчымасць наладжваць паказы феерверкаў прафесійнымі фірмамі або мясцовым самакіраваннем.