Беларусь - краіна з вялікім патэнцыялам, якая выклікае вельмі добрае ўражанне ў замежнікаў. Аб гэтым кажуць фактычна ўсе, хто наведаў Беларусь. Ім падабаюцца добрыя дарогі і чысціня ў публічнай прасторы. І з фактамі не трэба спрачацца. Пры гэтым усе чакаюць, калі нарэшце сыдзе Аляксандр Лукашэнка разам са сваімі сілавікамі, а Беларусь стане нармальнай краінай і пойдзе па шляху нармальнай еўрапейскай дзяржавы. У Беларусі ёсць вялікія шанцы стаць багатай еўрапейскай дзяржавай, бо яе асноўны капітал - працавітыя людзі. Аб гэтым кажуць многія, у тым ліку стараста Сандомежскага павету Марцін Піўнік (Marcin Piwnik). Аказваецца, што горад Сандомеж з'яўляецца горадам-пабрацімам беларускага Пінска. Акрамя таго, Сандомежскі павет сябруе з Пінскім раёнам. Супрацоўніцтва было наладжанае 10 гадоў таму, расказаў нам Марцін Піўнік.
- Мы кожны год ладзілі візіты і рэвізіты. У мінулым годзе з прычыны эпідэміі не адбылася наша паездка ў Пінск, не прыехала таксама дэлегацыя з Пінскага раёна ў эканамічных мэтах. Калі толькі сітуацыя нармалізуцецца, то мы да іх паедзем. У нас вельмі добрыя адносіны з беларусамі. Мы і яны - славяне, я бачу ў нас шмат агульных рысаў. Беларусы, як я лічу, вельмі працавіты народ. Заўсёды, калі мы прыязджаем у Беларусь, нас уражваюць акуратныя палеткі і палі. Бачна, што эканоміка спецыялізуецца ў сельскагаспадарчай вытворчасці. У адным рэгіёне кукуруза, у іншым - птушкафабрыка, яшчэ ў іншым разводзяць малочных кароў. І што для мяне стала нечаканасцю – то гэта парадак, няма палёў, якія ляжалі б аблогай. Там добрыя працалюбімыя гаспадары.
Марцін Піўнік кажа, што пінская дэлегацыя прыязджае ў Сандомеж на дажынкі, беларусы запрашаюць сваіх партнёраў-пабрацімаў таксама на дзяржаўныя мерапремствы. У Сандомежа і Пінска ёсць агульныя бізнесоўцы, адзначае стараста Сандомежскага павета.
- Мы ведаем людзей, якія родам з Сандомежа і якія адкрылі бізнес у Беларусі альбо працуюць з беларускімі фірмамі. За ўсе гады ў нас ўсталяваліся адносіны дзелавога характару. Падчас рэвізіта беларускі бок заўсёды распытвае пра наш Сандомеж і рэгіён, які славіцца яблычнымі садамі. І мы заўважылі, што яны назіраюць, як у нас вырошчваюць яблыкі, якія гатункі, якія плады, як выглядае тэхналогія ў садаводстве. Мы ім падказваем, даем добрыя парады, і нам ужо вядома, што ў Беларусі за гады нашага пабрацімства былі створаныя такія культуры. У сваю чаргу мы карыстаемся вопытам пінчан у галіне рачнога транспарту. Для прыкладу, наш мясцовы бінзнесмен выкарыстоўвае веды беларусаў у гэтай галіне эканомікі.
Адзначым, што перад эпідэміяй беларусы прыязджалі ў Сандомеж на кірмаш экспарцёраў садавіны.
- На гэтых сустрэчах наладжваліся гандлёвыя кантакты па пастаўках садавіны і гародніны. У выніку знаёмстваў і дзелавых кантактаў, якія наладзіліся на тых сустрэчах, нашы яблыкі пачалі прадавацца ў Беларусь. Але ў перамовах таксама удзельнічалі прадстаўнікі Егіпта, Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Францыі, Расія.
Марцін Піўнік кажа, што ў Беларусі бачная гаспадарская рука. Я запытала, ці гэтае меркаванне ўзнікла ў выніку супрацоўніцтва толькі з Пінскім раёнам, ці наогул адносіцца да ўсёй Беларусі?
- Мы ведаем, што ўступленне Польшчы ў ЕЗ моцна змяніла Польшчу і польскую вёску, бо гаворка ідзе пра сельскагаспадарчы рэгіён. Бясспрэчна, у Беларусі не хапае інвестыцый у жыллёвую інфраструктуру, камунальную гаспадарку, сельскую гаспадарку – у беларусаў ёсць яшчэ шмат чым займацца. У сваю чаргу з сучаснымі тэхналогіямі ў Беларусі няма праблем. І вядома, што там таксама вельмі ўрадлівая глеба.
Улады Сандомежа і Сандомежскага павета па меры магчымасці стараліся паказаць беларускай дэлегацыі з Піншчыны таксама і іншыя рэгіёны Польшчы, між іншым, Закапанэ і польскія горы Татры. А што ў рамках удзячнасці паказалі пінчукі?
- Беларусы ў першую чаргу паказалі нам сваю культуру, школы. Мы ведаем, што яны навучаюць вучняў народным спевам, танцам. Яны ў нас пыталіся, што мы хочам убачыць - музеі, культурныя і адукацыйныя ўстановы, бальніцы ці калгасы?
Стараста Сандомежскага павету Марцін Піўнік адзначыў, што ён чакае аднаўлення супрацоўніцтва з Пінскам і Пінскім раёнам. У гэтым годзе візіты не плануюцца, але Піўнік падкрэслівае, што абодва бакі зацікаўлены ў супрацоўніцтве па-над палітычнымі і гістарычнымі падзеламі. Марцін Піўнік сказаў нам, што спачувае беларусам у сувязі з цяперашняй сітуацыяй у краіне.
Яланта Смялоўская