Падчас гэтак званай польскай аперацыі НКУС арыштаваў больш за 143 тысяч палякаў, з якіх 111 тысяч былі асуджаныя на смерць, а амаль 30 тысяч – адпраўленыя ў працоўныя лагеры. Акрамя таго, дзясяткі тысяч людзей былі дэпартаваныя ў Казахстан, Сібір, Харкаў і Днепрапятроўск. Да гэтага часу канчатковая колькасці ахвяр невядомая, падобным чынам, як колькасць рэпрэсаваных жанчын і дзяцей. Мяркуецца, што іх было некалькі сотняў тысяч.
Сёння палякі адзначаюць 84-ю гадавіну выдачы загаду начальнікам НКУС Мікалаем Яжовым, які запачаткаваў знішчэнне палякаў – грамадзян Савецкага Саюза. Загад спачатку быў зацверджаны Палітбюро ЦК Усесаюзнай камуністычнай партыі на чале з Іосіфам Сталіным. «Польская аперацыя» НКУС была адным з найвялікшых злачынстваў супраць польскай нацыі ў XX стагоддзі.
На думку гісторыкаў Інстытута нацыянальнай памяці, агульная колькасць палякаў, рэпрэсаваных у той час у Савецкім Саюзе, ацэньваецца, як мінімум, у 200 тысяч. Хоць акцыя пачаткова планавалася на тры месяцы, то масавыя рэпрэсіі працягнуліся амаль да канца 1938 года.
Сузаснавальнік польскай арганізацыі, які жыве ў Хмяльніцкім ва Украіне Раман Гурніцкі (Roman Górnicki) нагадаў, што НКУС забіў трох яго прадзедаў:
- Іх абвінавацілі ў членстве ў Польскай вайсковай арганізацыі, якая дарэчы не дзейнічала там з 1920-х гадоў. Прадзеды спачатку не прызналі свайго ўдзелу ў ёй, але пасля паўгода яны падпісалі дакументы і праз месяц былі расстраляныя. Іх забілі за тое, што яны былі палякамі. У нашым раёне – у Грычанах, 80% польскіх мужчын былі расстраляныя за сваё польскае паходжанне.
Старшыня Інстытута нацыянальнай памяці Яраслаў Шарэк(Jarosław Szarek) нагадаў, што палякі сталі ахвярамі аперацыі НКУС, незалежна ад свайго сацыяльнага становішча:
- Гэта былі нармальныя палякі. Згаданае злачынства часта параўноўваюць таксама да Галакосту. Адна з асобаў, якія выжыла гэты час, падсумавала, што быць палякам у 1930-х гадах у Савецкім Саюзе, то як быць габрэем у Трэцім Рэйху. Кваліфікацыя была адна – нацыянальнасць. Быць палякам азначала смяротны прысуд.
Таксама прафесар Мікалай Іванаў з Апольскага ўніверсітэта падкрэсліваў, што ў «польская аперацыя» НКУС была генацыдам польскай нацыі:
-Тады для паляка ў Мінску, Бабройску, Кіеве выжыць – было нерэальным. Гэтай трагічнай падзеі не параўнаць з лёсам іншай нацыі. Для палякаў гэта быў генацыд.
Галіна Станкевіч была дзіцём, калі функцыянеры НКУС арыштавалі яе бацьку і расстралялі ў снежні 1937 года. Адразу пасля арышту сям’ю саслалі ў Каргопаль у Архангельскай вобласці. Толькі пасля рэабілітацыі бацькі ў 1990-х гадах жанчына даведалася, што фармулёўка: «10 гадоў без права на перапіску» азначала смяротны прысуд. Яна ўспомніла, як яе маці ўвесь час шукала мужа падчас ссылкі:
- Каля Каргопаля было шмат працоўных лагераў. Мне здаецца, што я памятаю калоны гэтых няшчасных, худых людзей у абшарпаным адзенні. Маці спрабавала ва ўсіх лагерах даведацца, ці недзе там няма бацькі.
Марцэла Рэзнікава, у дзявоцтве Кулакоўская, жыла ў Ленінградзе. Ёй было 6 гадоў, калі ў 1937 годзе пасля арышту і расстрэлу бацькі (інжынера-оптыка, які працаваў на «Ленфільме» і «Кінап»), сям’ю саслалі ў горад Ашт у Таджыкскай Рэспубліцы. Яна не разумела, чаму бацька быў забіты:
- Як я даведаўся пазней, яны арыштавалі майго бацьку за тое, што быў палякам. І ў той час у «Кінапе» яны ўзялі ўсіх – 26 інжынераў, якія былі на сустрэчы. Маме сказалі пра гэта пазней.
Доктар Дзмітрый Панто з Музея Другой сусветнай вайны ўспамінаў надоечы, што палякі былі забітыя на падставе гэтак званых прыгавораў камісіяў з трох супрацоўнікаў НКУС:
-У склад камісіі ўваходзілі тры асобы: мясцовы пракурор, кіраўнік мясцовага аддзела НКУС і начальнік партыі. Гэта яны вялі судовае разбіральніцтва, без прысутнасці абвінавачанага. Тры згаданыя асобы вырашалі пра лёс чалавека.
Аперацыя НКУС ахоплівала цэлыя семʼі гэтак званых ворагаў народа: сужонкаў і дзяцей, а маёмасць семʼяў канфіскоўвалася.
Генацыд быў выкліканы тым, што ў 1930-я гады кіроўныя пачалі баяцца «ворагаў савецкай улады», таксама сярод нацыянальных меншасцей, адсюль узмацніўся пераслед палякаў.
Затрыманых абвінавачвалі ў «контррэвалюцыйнай дзейнасці», напрыклад, у шпіянажы на карысць Польшчы, кантактах з польскімі спецслужбамі, вярбоўцы агентаў, дыверсіі і незаконным перасячэнні мяжы.
«Польская аперацыя» не была адзінай нацыянальнай аперацыяй перыяду Вялікага тэрору. У рамках іншых падобных дзеянняў рэпрэсіі закранулі таксама фінаў, немцаў, карэйцаў, курдаў, армян, цыганоў, іранцаў, афганцаў, грэкаў, латышоў, балгараў, македонцаў. Аднак, паводле гісторыкаў «польская аперацыя» была самай буйной, з пункту гледжання маштабу і адной з самых жорсткіх.
Са студзеня 2017 года пракуроры Інстытута нацыянальнай памяці расследуюць гэтую аперацыю НКУС, якую кваліфікуюць як камуністычнае злачынства ў форме генацыду. Гэта азначае, між іншым, што злачынства не мае тэрміну даўнасці. Аднак семʼі палякаў, рэпрэсаваных НКУС у 1937-1938 гадах, да гэтага часу перажываюць трагедыю сваіх продкаў.
аз