Літва і Польшча выказваюць боязі наконт мэтанакіраваных правакацый з боку беларускіх узброеных сілаў падчас вучэнняў «Захад-2021», якія пачынаюцца 10 верасня – паведамляе Dziennik Gazeta Prawna. НАТА рыхтуецца да такога развіцця падзей. Пра тое, што сцэнары сур’ёзнага парушэння дзяржаўнай мяжы Літвы разглядаюцца камандаваннем альянсу, паведаміла выданню крыніца са штаб-кватэры НАТА.
«Кожны раз падчас вучэнняў «Захад» назіраецца прапагандысцкая вайна і спробы запужаць альянс. Сёлета мы бярэм пад увагу таксама варыянт праверкі НАТА Расіяй пры дапамозе Аляксандра Лукашэнкі», – адзначае інфарматар газеты.
Ад правакацыі выйграў бы Уладзімір Пуцін. Дзякуючы гэтаму ён можа даведацца, якая будзе рэакцыя НАТА на рэальнае нападзенне. Пры гэтым ён адрэзаў бы Лукашэнку шлях да перамоваў з Захадам і поўнасцю узалежніў бы яго ад Расіі. Яму спрыяе міжнародная сітуацыя, аслабленне Джо Байдэна і занятасць амерыканскіх сілаў афганскім пытаннем. Існуе рэальная рызыка, што і на польска-беларускай мяжы здарыцца правакацыя ў выглядзе няправільна праведзеных манеўраў, – кажа прэс-сакратар ураду Пётр Мюлер. Гаворка ідзе пра небяспеку паяўлення салдат, якія быццам бы «заблудзіліся».
Расія ўжо спрабавала правяраць НАТА, але ў меншай ступені. У 2014 годзе расійскае ФСБ выкрала на тэрыторыі Эстоніі афіцэра эстонскай службы бяспекі Эстона Кохвера. Праз год яго абмянялі на былога супрацоўніка эстонскіх спецслужбаў Аляксея Дрэсена, які сядзеў у турме за шпіёнства ў карысць Расіі.
Dziennik Gazeta Prawna/нг