Польскія выданні каментуюць суд над вядучымі прадстаўнікамі беларускай апазіцыі. Марыя Калеснікава атрымала 11 гадоў калоніі, а Максім Знак – 10 гадоў. «Гэта адкрытае таптанне правоў чалавека і чарговы крок, накіраваны на запалохванне беларускага грамадства. Гэтыя рэпрэсіі не павінны застацца без адказу», – напісаў намеснік кіраўніка МЗС Марцін Пшыдач у Twitter, яго словы прыводзіць Dziennik Gazeta Prawna.
Суд над Калеснікавай і Знакам праходзіў у закрытым рэжыме. Іх абвінавацілі ў закліках да дзеянняў на шкоду нацыянальнай бяспецы і змове з мэтай захопу ўлады. 39-гадовая Калеснікава і 40-гадовы Знак былі супрацоўнікамі штабу былога банкіра Віктара Бабарыкі, якому не дазволілі ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах, а ў ліпені яго асудзілі на 14 гадоў калоніі за падатковыя махінацыі.
Пасля арышту Бабарыкі ў чэрвені мінулага года абодва апазіцыянеры ўвайшлі ў каманду кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, а пасля яе вымушанай эміграцыі – у прэзідыум Каардынацыйнай рады апазіцыі. Калеснікава была затрыманая роўна год таму, яе хацелі прымусіць выехаць ва Украіну, але на мяжы яна парвала свой пашпарт. Знак быў затрыманы 9 верасня.
Прысуд паказвае, што агульная тэндэнцыя на ўмацаванне рэпрэсіяў у Беларусі працягваецца, нягледзячы на тое, што некаторыя палітвязні на працягу апошняга месяца выйшлі з турмы. Колькасць палітычных зняволеных і так застаецца на самым высокім узроўні ў найноўшай гісторыі Беларусі – ужо 659 чалавек.
Dziennik Gazeta Prawna/нг