Журналістка «Грамадскага радыё», сцэнарыстка падкаста «Пашпарт. Беларусы па-за межамі Беларусі» Міла Мароз прыехала ў Варшаву, каб запісаць гісторыі тых, хто вымушана выехаў у Польшчу. Яна распавяла пра праект, над якім працуе:
— Украіна і Польшча цяпер моцна дапамагаюць беларусам. Яны сталі хабам, куды беларусы могуць выехаць. Наш падкаcт пра людзей, якія былі вымушаныя выехаць з краіны. Галоўная мэта — распавесці пра лёсы, што людзі робяць, як намагаюцца выйсці з сітуацыі, як перажываюць сваю ўласную малую ці вялікую трагедыю. Адзін з герояў Арцём Канцавы, рэдактар партала для IT-ішнікаў, сказаў, што пераезд — гэта маленькая смерць.
Вось што Міла Мароз расказвае пра герояў праекту:
— Гэтыя людзі прыехалі праз палітычныя абставіны. Адзін з нашых герояў – паліттэхнолаг Віталь Шкляроў. Ён правёў за кратамі каля трох месяцаў. Калі вы памятаеце, яшчэ ў 2020 годзе была сустрэча Лукашэнкі з палітвязнямі ў СІЗА. Пазней выпусцілі Шклярова і яшчэ аднаго чалавека, а іншыя, хто быў на той сустрэчы, дагэтуль у турме. Усе нашыя героі былі вымушаныя выехаць з Беларусі праз рэпрэсіі. Там усё цяпер жорстка: людзей саджаюць, даюць ім па дзесяць год турмы. Там цяжкая атмасфера. І людзі ратуюць сваё жыццё і жыццё сваіх дзяцей.
Журналістка падзялілася і сваімі назіраннямі, як адрозніваецца ментальнасць, светапогляд беларусаў і ўкраінцаў:
— Яны вельмі падобныя да нас. Але я адчуваю, што мы хутчэй і далей адышлі ад Расіі, праз тыя працэсы, што распачаліся ў 2014 годзе, што ідзе вайна. У нас даўно няма расійскіх тэлеканалаў, няма сацсеткі «ВКонтакте». То бок мы больш адышлі ад расійскай інфармацыйнай прасторы. Я заўважаю, што беларусы больш згадваюць, напрыклад, персанажаў расійскай эстрады.
Нашы героі любяць гаварыць, што яны міралюбівыя. А мы больш любім баставаць, ладзіць пратэст. І для іх гэта непрымальна. Хаця мне здаецца, што ў цяперашняй сітуацыі такі баявы дух быў бы лагічным.
Але ўсё адно беларусы імкнуцца быць міралюбівымі, законапаслухмянымі. Той жа Арцём Канцавы расказаў, што ён просіць сваіх знаёмых паліваць і касіць траву, якая расце ў яго каля дома. Бо мясцовы сельсавет штрафуе тых, хто не прыбірае свой падворак.
Уяўляеце? Чалавек з’ехаў за мяжу, уцёк ад гэтага рэжыму, але працягвае касіць траву на сваім падворку. Для мяне гэта вельмі дзіўна. Але разам з тым гэтая сітуацыя шмат гаворыць пра законапаслухмянасць беларусаў, любоў да свайго месца, нягледзячы на тое, што адбываецца цяпер у Беларусі ў палітычным сэнсе.
Падкасты «Пашпарт. Беларусы па-за межамі Беларусі» знаходзяцца ў свабодным доступе на сайце «Грамадскага радыё».
вх