Беларуская Служба

Варшава развівае сетку трамваяў

14.09.2021 16:26
Вілянаў стане 13-м варшаўскім мікрараёнам з трамвайным рухам.
Zdjęcie ilustracyjne.
Zdjęcie ilustracyjne.Margy Crane/Shutterstock

Партал Wawalove.wp.pl паведамляе пра тое, што Варшава развівае сетку трамваяў. Увогуле можна сказаць, што трамвай з’яўляецца сімвалам польскай сталіцы, так як і некаторых іншых польскіх гарадоў. У шматлікіх гарадах Еўропы таксама вяртаюцца да трамваяў, таму што гэта экалагічны, ціхі і хуткі від транспарту ў сувязі з тым, што рэйкі можна пракласці побач з праезджай часткай. І вось цяпер гарадскія ўлады Варшавы плануюць пракласці з цэнтра сталіцы новую лінію ў прэстыжны, хоць і аддалены раён Вілянаў.

Працягласць трамвайнай лініі з двума каляямі складзе каля 10 км. Лінія будзе мець некалькі невялікіх адгалінаванняў. Плануецца, што на лініі будзе 31 прыпынак. Цяпер на аўтамабілі ў час пік праезд гэтай трасы займае 50 хвілін, трамвай жа праедзе па ёй прыкладна за 25 хвілін. Для абслугоўвання трасы будзе закуплена 50 новых трамваяў. Кошт інвестыцыі – 1 млрд 190 млн злотых, прычым 555 млн злотых – гэта датацыі з еўрапейскіх фондаў. Нагадаю, адзін еўра каштуе 4 злотыя 42 грошы. Рэалізацыя інвестыцыі запланаваная на 2022-2023 гады. Вілянаў стане 13-м варшаўскім мікрараёнам з трамвайным рухам, паведамляе партал Wawalove.wp.pl.

вс