Неўзабаве ў Сейм будзе ўнесены законапраект аб мадэрнізацыі дзяржаўных службаў, дзякуючы чаму памежнікі змогуць у неадкладным парадку набыць сістэмы так званай перыметрычнай аховы – гэта сігналізацыя, якая дазволіць хутка фіксаваць выпадкі нелегальнага перасячэння мяжы – паведамляе Rzeczpospolita.
Кожныя суткі мяжу спрабуюць перайсці сотні мігрантаў, агароджа з калючага дроту, пастаўленая на граніцы, не з'яўляецца перашкодай – мігранты проста падымаюць дрот і праходзяць пад ім. Ім дапамагаюць і беларускія службы, якія ставяць лесвіцы, каб замежнікі маглі прайсці над агароджай. Памежная служба, якая нядаўна атрымала першыя наборы перыметрычнай сігналізацыі, звярнулася да прэмʼер-міністра з просьбай аб электронных сродках аховы мяжы.
«Яны выдатна працуюць. Аднак іх колькасць і месцазнаходжанне сакрэтныя. Вузкая група пагранічнікаў ведае, дзе яны знаходзяцца», – кажа прэс-сакратар памежнай службы Анна Міхальска.
Колькі ўрад збіраецца выдзеліць сродкаў на іх куплю? Невядома. Адзін такі набор каштуе каля паўмільёна злотых. Закон аб мадэрнізацыі дазволіць здзейсніць пакупку як мага хутчэй, каб больш эфектыўна бараніць межы. На думку дэпутата і былога кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Марэка Бернацкага, такую сігналізацыю неабходна было набыць шмат месяцаў таму.
Як працуе прылада? Сігналы з сейсмічных датчыкаў (яны закапаныя ў зямлю) і выявы з камер перадаюцца на пасты пагранічнай службы і ў прымачы, якія памежнікі бяруць з сабой на патруляванне. Камплекты працуюць незалежна адзін ад аднаго – у іх ёсць уласныя сістэмы сілкавання і перадачы дадзеных, якія дазваляюць бесперабойную працу да трох гадоў. А спецыяльныя алгарытмы адрозніваюць, напрыклад, гукі чалавечых крокаў ад гукаў, выкліканых дзікай жывёлай. Такія сістэмы сігналізацыі апраўдалі сябе на ўчастку мяжы з Украінай, дзе фіксавалася найбольшая колькасць кантрабанды людзей і тавараў.
Dziennik Gazeta Prawna таксама закранае тэму мігрантаў на беларуска-польскай мяжы. Выданне друкуе інтэрв’ю з эксперткай па пытаннях тэрарызму доктарам навук Магдаленай Эль Гамары (Magdalena El Ghamari).
Яна кажа, што міграцыйны крызіс выклікае вельмі шмат эмоцый. Праваабаронцы стараюцца бараніць людзей, яны крытыкуюць урад, які робіць усё, каб не прапусціць іх праз мяжу. Аднак трэба зразумець і прадстаўнікоў дзяржаўных службаў. Менавіта на іх будзе ўскладзена адказнасць, калі ў Польшчу трапяць асобы з крымінальным мінулым або з тэрарыстычнымі схільнасцямі. Многія з гэтых іншаземцаў не маюць дакументаў, якія дазваляюць іх кваліфікаваць як бежанцаў. Некаторыя спрабавалі ўжо трапіць у Еўрапейскі Саюз праз іншую мяжу – у Балгарыі, Італіі ці Грэцыі, там іх не прапусцілі, таму не прапусцяць і ў Польшчы.
Іншая справа, што гэтых людзей бессаромна выкарыстоўваюць беларускія службы, уводзячы іх у зман. Некаторыя, калі набліжаюцца да мяжы, шукаюць...таксі. Гэта як правіла асобы, якія заплацілі за сваё падарожжа да мяжы вялікія грошы, зачастую яны нават не ведаюць, што мяжу нельга так проста перакрочыць. І гэта вялізная праблема, паколькі мы бачым, што Беларусь раскручвае міграцыйны крызіс, адмяняе візы для грамадзян чарговых дзяржаваў, адкуль шмат людзей хацела б шукаць лепшай долі ў ЕС. Неабходна ладзіць шырокамаштабную інфармацыйную кампанію ў тых краінах, адкуль прыязджаюць мігранты, на іх родных мовах. Яны павінны ведаць, што адбываецца. Пакуль што яны маюць інфармацыю толькі ад кантрабандыстаў ды з іншых неаб’ектыўных крыніц.
Rzeczpospolita/Dziennik Gazeta Prawna /нг