Беларуская Служба

Сяргей Дылеўскі: Страйк пачнецца яшчэ гэтай восенню

05.10.2021 11:14
Дылеўскі кажа, што ў яго ёсць кантакты з супрацоўнікамі звыш 20-ці беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў.
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay/niekverlaan/CC0 Creative Commons

Выданне Rzeczpospolita друкуе інтэрв’ю з лідарам страйкавага руху ў Беларусі Сяргеем Дылеўскім, былым рабочым Мінскага трактарнага заводу. Гаворка ідзе пра падрыхтоўку да страйку, які запланаваны на восень, хаця канкрэтная дата пакуль што трымаецца ў таямніцы.

Чаму паразай закончыліся спробы страйкам прымусіць уладу Беларусі да саступак больш за год таму? Таму што тады не было добрай арганізацыі і агулам не было вопыту, як ладзіць такі пратэст. Цяпер ведаў і вопыту значна больш, беларускія актывісты вучацца, між іншым, у польскага прафсаюзу Салідарнасць. Дылеўскі кажа, што ён сустракаўся з Лехам Валэнсам, які быў лідарам пратэставага руху ў Польшчы. Той сказаў, што сілаю нічога не ўдасца дабіцца. Вырашыць крызіс можна толькі дзякуючы кругламу сталу, шляхам перамоваў. Палякам гэта ўдалося, беларусы таксама імкнуцца да мірных пераменаў.

Дылеўскі кажа, што ў яго ёсць кантакты з супрацоўнікамі звыш 20-ці беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў. Вядома, што рабочыя гатовы спыніць працу, страйк пачнецца яшчэ восенню. Галоўныя патрабаванні – перамовы паміж уладамі і дэмакратычнымі сіламі. Гэта не будзе акупацыйны страйк або вулічныя пратэсты. Супрацоўнікі беларускіх прадпрыемстваў проста застануцца дома, возьмуць медычны бюлетэнь або водпуск, паедуць на дачу. Гэта самы бяспечны з усіх сцэнароў пратэсту. Беларускія рабочыя ствараюць касы ўзаемнай дапамогі, дапамагаюць беларускія дыяспары замежжа. Рабочыя рыхтуюцца да вялікага страйку, збіраюць запасы харчавання ў сваіх кватэрах. Беларусы зразумелі, што ніхто іншы, а толькі яны самі могуць змяніць сітуацыю ў краіне, – кажа Сяргей Дылеўскі, які дадае, што ў Польшчы працуе па прафесіі на няпоўную стаўку, а зарабляе больш, чым у Мінску на дзве стаўкі.

нг