Беларуская Служба

За апошнія суткі ў Польшчы выкрыта 2 тыс. 85 новых выпадкаў каранавіруснай інфекцыі

06.10.2021 14:21
Мінздароўя Польшчы прагназуе, што неўзабаве штодзённая колькасць новых захворванняў можа скласці 5 тыс. чалавек.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneStefano Guidi/Shutterstock

Gazeta Wyborcza паведамляе, што за апошнія суткі ў Польшчы выкрыта 2 тыс. 85 новых выпадкаў каранавіруснай інфекцыі. Калі параўнаць з дадзенымі тыдзень таму, то гэта абазначае рост у 70%, паведаміў намеснік міністра аховы здароўя Вальдэмар Краска.

Віцэ-міністр заявіў, што ў сувязі з ростам захворвання неабходна прымаць адпаведныя меры. Ён зазначыў, што адначасова расце колькасць пацыентаў, якія трапляюць у аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі і пад апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх. Адначасова Вальдэмар Краска падвергнуў крытыцы людзей, якія па сённяшні дзень не вакцынаваліся.

«На гэтыя лічбы павінны звярнуць увагу людзі, якія яшчэ не прышчапіліся. Калі нешта дбае пра сваё здароўе і здароўе сваіх блізкіх, то павінен як мага хутчэй пайсці і зрабіць прышчэпку. Бо сёння – апошні званок», – сказаў Краска. Віцэ-кіраўнік Мінздароўя таксама сказаў, што ў Польшчы людзі крыху расслабіліся і перасталі звяртаць неабходную ўвагу на нашэнне масак, дэзынфекцыю і ўтрыманне дыстанцыі.

У сваю чаргу ўчора Міністэрства аховы здароўя паведаміла пра 1 тыс. 325 інфекаваных грамадзян і 46 смяротных зыходаў у выніку хваробы COVID-19. Месяц таму, 5 верасня, у Польшчы былі выкрытыя 324 новыя выпадкі каранавіруснай інфекцыі. Згаданыя статыстычныя дадзены сведчаць пра пашырэння эпідэміі, зазначае Міністэрства аховы здароўя.

Ведамства паведаміла, што найбольш складаная сітуацыя ў маштабе краіны назіраецца ва ўсходніх Падляскім і Люблінскім ваяводствах, а таксама ў паўднёвым Падкарпацкім. Дарэчы, менавіта ў гэтых рэгіёнах прышчэпкі супраць COVID-19 зрабіла найменш людзей. Гэта сведчыць пра тое, што адзіным паратункам у змаганні з эпідэміяй з’яўляецца масавая вакцынацыя. Так, на Любліншчыне ўжо занята 56% бальнічных ложкаў, прызначаных для хворых COVID-19. На Падляшшы – 46%, а ў Падкарпацкім ваяводстве – 42%.

Мінздароўя Польшчы прагназуе, што неўзабаве штодзённая колькасць новых захворванняў можа скласці 5 тыс. чалавек, паведамляе Gazeta Wyborcza.

вс