Нягледзячы на тое, што гэта толькі пачатак сезону, рэкорд ужо пабіты: у верасні было зафіксавана амаль удвая больш захворванняў на грып, чым год таму, паведамляе выданне Dziennik Gazeta Prawna. Па дадзеных штодзёнкі, у верасні ў Польшчы хворых грыпам было больш за 369 тысяч чалавек.
Гэта не толькі больш чым у мінулым годзе, калі на грып хварэлі амаль 191,5 тысячы чалавек, але таксама ў параўнанні з перадпандэмічным 2019 годам, калі такіх асобаў было 287 тысяч. Пра гэта сведчаць вынікі справаздачы Нацыянальнага інстытута грамадскага здароўя і Нацыянальнага навукова-даследчага інстытута, якую цытуе газета. Такім чынам, пацвярджаюцца прагнозы лекараў.
Паводле дадзеных, зараз на грып найчасцей хварэюць наймалодшыя пацыенты. У параўнанні з 2020 годам на 149% больш дзяцей ва ўзросце да 4 гадоў. У параўнанні з вераснем перад пандэміяй згаданы рост складае 42%.
Намінальна па-ранейшаму найчасцей хварэюць людзі ва ўзросце 15-64 гадоў. У гэтай групе захварэла ўжо амаль 146 тысяч чалавек, то бок на 63% больш, чым у мінулым годзе, на і амаль 20 працэнтаў больш у параўнанні з 2019 годам.
Дзеці, якім не больш за 4 гады, апынуліся на другім месцы, а дзеці ва ўзросце ад 5 да 14 гадоў – на трэцім. Як паведамляе газета, эксперты папярэджвалі пра такую пагрозу. Паводле некаторых адмыслоўцаў, леташняя ізаляцыя і дыстанцыйнае навучанне прычыніліся да таго, што дзеці не мелі магчымасці аднавіць свой імунітэт і таму зараз яны лягчэй інфікуюцца вірусамі. Акрамя таго, на польскім рынку ўзніклі праблемы з доступам да прышчэпак супраць грыпу.
Нагадваем, усяго ў Польшчу павінна быць пастаўлена 5 мільёнаў дозаў вакцынаў супраць грыпу, то бок удвая больш, чым у мінулым годзе, і ў тры разы больш чым у 2019 годзе. З іх 2 мільёны прызначаны на свабодны рынак, то бок на 1 мільён менш, чым летась, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.
аз