Настаўнікі распавялі выданню Gazeta Wyborcza як выглядае іх праца.
Юліта Малэк, настаўніца музыкі і рытмікі расказвае:
Я пачынаю свой працоўны дзень у 8, эпізадычна ў 9. Я праводжу ўрокі музыкі ў дзіцячым садку, пачатковай школе і сярэдняй школе.
Бываюць дні, калі я выходжу з працы ў 20.30, іду дадому, рыхтую вячэру. Бывае, што а 22 гадзіне звоніць тэлефон: бацькі пытаюць, якое хатняе заданне я дала вучням.
Настаўніца скардзіцца, што шмат часу затрачваецца на запаўненне рознага віду дакументаў, і гэта трэба рабіць пасля працоўнага часу.
«Нядаўна я правяла некалькі вечароў, складаючы адукацыйныя патрабаванні і план адукацыі для вучня з інваліднасцю. Звычайна я аддаю свабодны час пасля працы... на падрыхтоўку да заняткаў, якія правяду на наступны дзень»- расказала Юліта Малэк.
Яанна - настаўніца англійскай мовы ў сярэдняй школе ў Лодзі кажа:
«Калі я чую, што настаўнікі гультаі, маюць два месяцы адпачынку, зарабляюць 4 тысячы злотых і ў іх ёсць смеласць патрабаваць больш, тады ў мяне апускаюцца рукі. У мяне такое ўражанне, быццам бы прафесія настаўніка – самая таемная прафесія ў Польшчы, вакол якой нарадзілася шмат міфаў. Як той, што пра летнія канікулы».
Настаўніца кажа, што яна звычайна адпачывае летам два тыдні, астатні час падпрацоўвае выхавацелем у летніх дзіцячых лагерах.
- Я не раз чула, што «бацькі плацяць за мой адпачынак, таму хай маўчу», – кажа настаўніца і адзначае, што гэта паказвае, што дзеці не паважаюць настаўнікаў. Гэтую непавагу яны вынеслі з хаты.
«Пакуль гэтае замкнёнае кола не разарвецца, мы будзем заставацца самай расчараванай, недаацэненай прафесійнай групай», – кажа настаўніца выданню Gazeta Wyborcza.
яс