За апошнія 12 месяцаў у Польшчы нарадзілася найменш дзяцей з часоў заканчэння Другой сусветнай вайны, паведамляе «Gazeta Wyborcza» са спасылкай на дадзеныя Галоўнага статыстычнага ўпраўлення.
Паводле іх, у верасні нарадзілася 31,1 тыс. дзяцей, то бок на 1,7 тыс. менш, чым у аналагічным перыядзе мінулага года. «Сума народжаных за апошнія 12 месяцаў складае ўсяго 334,6 тыс., што з’яўляецца самым нізкім паказчыкам з часоў Другой сусветнай вайны», – кажа ў размове з газетай эканаміст Рафал Мундры, які гадамі аналізуе дэмаграфічныя дадзеныя.
Сума смерцяў за апошнія 12 месяцаў складае 538,6 тыс. і гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў з часоў Другой сусветнай вайны. «Паводле звестак Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, за апошнія 12 месяцаў памерла на 204 тыс. чалавек больш, чым нарадзілася», – адзначае выданне і дадае, што зараз статыстычная полька ў сярэднім нараджае 1,42 дзіцяці. Каб колькасць насельніцтва не скарачалася, гэты паказчык павінен складаць 2,1.
«Gazeta Wyborcza» нагадвае, што ў сярэдзіне 2021 года ўрад абвясціў Дэмаграфічную стратэгію да 2040 года. Аднак паводле дэмографаў з Польскай акадэміі навук, якіх цытуе выданне, дасягнуць узроўню нараджальнасці, які гарантуе замену пакаленняў да 2040 года, нерэальна. Гэта, як у святле існуючых ведаў пра змены нараджальнасці, так і ўплыву на нараджальнасць розных інструментаў сямейнай палітыкі або наступствы пандэміі COVID-19.
аз