Трагічная падзея ў бальніцы гарадка Пшчына на поўдні Польшчы выклікала гарачыя дэбаты на тэму забароны абортаў у краіне. Памерла маладая жанчына, якая была на 22 тыдні цяжарнасці. Смерць стала вынікам сепсісу. Лекары не рашыліся раней перарваць цяжарнасць. Людзі, якія выступаюць за права жанчыны самой вырашаць, мяркуюць, што прычынай стаў страх лекараў перад крымінальнай адказнасцю за выкананне аборту.
Выданне Dziennik Gazeta Prawna прыводзіць меркаванне прадстаўнікоў шпіталя, якія пераконваюць, што дактары паступілі згодна з законамі і стандартамі. Сама памерлая жанчына пісала ў апошніх навінах да сваякоў, што, на яе думку, лекары чакалі, калі плод сам памрэ, паколькі ў Польшчы забаронены аборты.
Газета друкуе інтэрв’ю са старшынёй Польскай асацыяцыі гінеколагаў і акушэраў прафесарам Марыюшам Зімерам. Ён адзначае, што нельга рабіць высновы на падставе паведамленняў сродкаў масавай інфармацыі. Лекар кажа, што ў гінекалогіі цяжка працаваць, калі над табой увесь час вісіць пагроза крымінальнай адказнасці. Часам лекар павінен мець магчымасць прыняць рызыкоўнае рашэнне. А гінеколагі баяцца такія рашэнні прымаць, як вынік – адсутнасць жадаючых працаваць у гэтай прафесіі.
Доктар дадае, што падчас цяжарнасці можа здарыцца шмат небяспечных сітуацый. Каб лекар мог дзейнічаць на падставе сваіх ведаў, у яго павінна быць свабода выбару, а не страх перад пракурорам. Цяпер лекары сумняюцца, ці варта пачынаць дзеянне, калі яно можа прывесці да здарэння, якім зацікавіцца пракуратура.
Dziennik Gazeta Prawna/нг