Непадалёк ад польска-беларускай мяжы знойдзена чарговая ахвяра рукатворнага міграцыйнага крызісу, за які адказваюць беларускія ўлады. Gazeta Wyborcza паведамляе, што польскія сілавікі знайшлі цела замерзлага чалавека каля вёскі Альхоўка ў гміне Нараўка. Гэта мужчына, які меў пры сабе заплечнік і нігерыйскі пашпарт. Прадстаўнік паліцыі Падляшша паведаміў, што згодна з рашэннем пракурора, цела адпраўлена на судовую экспертызу.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі выдання, цела знайшлі вайскоўцы ў 9 кіламетрах ад мяжы. Ноччу тэмпература паветра на ўсходзе Польшчы апускаецца нават да мінус 10 градусаў Цэльсія. Мала людзей у такіх умовах мае шанец выжыць у лесе. Тым больш што гэта асобы, якія жылі раней у цёплым клімаце, яны не падрыхтаваныя да маразоў. Ахвяр можа быць больш, паколькі вядома, што ў лесе па абодвух баках мяжы знаходзіцца яшчэ шмат мігрантаў. Па словах саміх нелегалаў, па абодвух бакі мяжы ў лесе ёсць яшчэ прыкладна 100 чалавек. І шмат трупаў. Некаторыя з іх удасца знайсці толькі вясной, або і ніколі.
Ад пачатку гуманітарнага крызісу па абодвух бакі польска-беларускай мяжы загінулі ўжо каля 20 чалавек. Інфармацыя пра першыя трагедыі з'явілася ў другой палове верасня. Тады паведамлялася, што 19 верасня ў трох розных месцах Падляшша былі знойдзены тры целы бежанцаў, якія памерлі ад пераахаладжэння і страты сілаў. Цяпер жа такіх выпадкаў можа быць больш, калі прыйшла марозная зіма.
нг