Беларуская Служба

Вучні, будучыя стваральнікі інтэрнэт-прасторы, выступілі на Лічбавым саміце ААН у Катавіцах

09.12.2021 16:29
І расказалі пра свае поспехі на конкурсе Еўрапейскага касмічнага агенцтва.
KATOWICE 16. SZCZYT CYFROWY ONZ
KATOWICE 16. SZCZYT CYFROWY ONZ PAP/Andrzej Grygie

У лічбавым форуме ААН, прысвечаным пытанням развіцця сусветнага сеціва, які праходзіць у горадзе Катавіцэ, акрамя палітыкаў і прафесіяналаў, прымаюць удзел таксама маладыя людзі, якія ў будучыні будуць ствараць інтэрнэт-прастору і сучасныя тэхналогіі. Сярод іх – вучні з навуковага кола па электроніцы і інфарматыцы з мястэчка Кнурув (Knurów), спадарожнік якіх заваяваў перамогу ў польскай частцы конкурсу Еўрапейскага касмічнага агенцтва SanCat 2020.

- Мы выпадкова даведаліся пра гэты конкурс, зрабілі мазгавы штурм і шукалі самую цікавую ідэю, якой ніхто яшчэ не ажыццяўляў. І прыдумалі збудаваць спадарожнік, які даляціць у вызначаную кропку. На конкурсе была вялікая канкурэнцыя. Мы шмат часу адвялі на гэты праект, - распавёў вучань тэхнікуму Шыман Рафалоўскі (Szymon Rafałowski), які выступаў на панэлі радчас саміту ў Катавіцах.

Патрык Квасьняк (Patryk Kwaśniak) з другога класа ліцэя расказаў, што яны збудавалі мініспадарожнік, памерам як бляшанка ад напою.

 - Задачай для конкурснага спадарожніка з'яўляецца палёт з вышыні 3 тысяч метраў. Спадарожнік выносіцца ракетай, якую забяспечваюць арганізатары конкурса. Падчас палёту спадарожнік мусіць выканаць дзве задачы - асноўную і дадатковую. Асноўную задачу вызначаюць арганізатары - трэба замерыць тэмпературу, атмасферны ціск і трымаць жывую сувязь са станцыяй на Зямлі. Дадатковую задачу кожная каманда выбірае самастойна і нашай задачай быў палёт у вызначанае месца.

Лічбавы саміт ААН пачаўся ў панядзелак і працягнецца да пятніцы.

яс/IAR