Па выніках сумесных заяваў ПЦ «Вясна» і іншых праваабарончых арганізацый, больш за 900 чалавек у Беларусі прызнаныя палітычнымі зняволенымі. Тым часам, паводле часткі грамадзянскіх ініцыятываў, якія займаюцца дапамогай палітвязням, на сённяшні дзень у Беларусі нашмат больш тых, хто застаецца за кратамі за свае перакананні. Менавіта гэтай тэме прысвячалася дыскусія, якая прайшла ў рамках Экспертна-аналітычнага клуба:
Дакумент: «Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця «палітычны вязень»» на падставе крытэраў якога можна атрымаць згаданы статус, быў распрацаваны працоўнай групай праваабаронцаў з Азербайджану, Беларусі, Грузіі, Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны і прыняты ў 2013 годзе на з’ездзе ў Вільні, нагадаў намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў:
- Мы ўвялі яго ў сілу на праваабарончым форуме, які на самой справе быў з’ездам прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый. Усе прысутныя на згаданым форуме пагадзіліся з фармуліроўкамі і працэдурамі, па прызнанні затрыманых палітвязнямі.
Як збольшага выглядае на практыцы працэдура прызнання каго-небудзь палітвязнем, расказаў старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак:
- Зараз, гэта адбываецца такім чынам, калі мы бачым праблему, то бок крымінальны пераслед людзей, якія гіпатэтычна могуць падпадаць пад гэтыя крытэры, то тады нехта з праваабаронцаў пачынае працэдуру. Напрыклад, калі гаворка ідзе пра журналістаў, то працэс звычайна ініцыюе БАЖ. Гэта адкрыты працэс, кожны з членаў Кааліцыі беларускіх праваабарончых арганізацый можа прапанаваць дадзеную справу, называючы кейсы, якія дазваляюць прызнаць чалавека палітзняволеным. Тады праходзіць агульнае галасаванне, і калі праваабаронцы падтрымаюць прапанову і ніхто не выступіць з аргументамі супраць, то рашэнне прымаецца, абнародваецца і такім чынам складаецца спіс палітзняволеных.
Між тым, частка грамадскіх ініцыятываў, якія займаюцца дапамогай палітвязням, заклікае змяніць крытэры прызнання чалавека палітычным зняволеным і распаўсюдзіць статус палітычна зняволенага на шырэйшае кола затрыманых. За змену прынятых у 2013 годзе крытэраў, у адмысловай заяве выказаліся агулам 15 грамадскіх арганізацый, у тым ліку, Dissident.by, Politzek.me, «Вызваленне 2020», дабрачынны фонд «Краіна для жыцця», міжнародны цэнтр грамадзянскіх ініцыятываў «Наш дом», праваабарончая арганізацыя «Платформа» і іншыя.
Паводле заснавальніка ініцыятывы дапамогі палітвязням Dissidentby Вячаслава Касінерава, крытэры прызнання згаданая статусу, якія цяпер выкарыстоўваюць праваабаронцы, не былі разлічаныя на сітуацыю гвалтоўнага ўтрымання ўлады і прававога дэфолту ў Беларусі:
- Мы прапануем актуалізаваць крытэры, якія выкарыстоўваюцца. Гаворка ідзе пра іх трактоўку. Яна пачала губляць сваю рэлевантнасць яшчэ доўга да 2020 года. Мы гаварылі пра гэта яшчэ ў 2017 годзе, што ўлада робіць вывады, вучыцца, здзяйсняе правакацыі ў выніку якіх, чалавек пападае ў турму паводле артыкулаў, або ў выніку падзеяў, якія пазбаўляюць яго права на атрыманне статусу палітзняволенага. Таму зараз гаварыць, што палітзняволеным можна прызнаць кагосьці выключна зыходзячы з такіх крытэраў, якія бліжэй трактоўкі Amnesty International, не зусім рэлевантнае.
Актывісты настойваюць, што падчас працэдуры прызнання вязня «палітычным» трэба прытрымлівацца прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці. Адпаведна з гэтым прынцыпам чалавека нельга лічыць злачынцам, пакуль ягоная віна не будзе даказаная ў справядлівым судзе. Аднак у беларусаў сёння няма доступу да справядлівага суда.
Вячаслаў Касінераў выказваецца за перагляд падыходу да самага спрэчнага моманту ў прызнанні чалавека палітвязнем: калі ў справе маецца пытанне пра ўжыванне гвалту. У прыватнасці гаворка ідзе пра тое, ці быў гэты гвалт неабходны для абароны жыцця, здароўя і правоў:
- Зараз кожны чалавек, якому стукаюць у дзверы, бліскаюць у вокны, або бягуць за ім па вуліцы – нагадваю, не паказваючы дакументаў, не называючыся і нічога не тлумачачы, а ўсё праходзіць са збіваннем, з катаваннем; такі чалавек ведае, што яго, хутчэй за ўсё, чакае. Ён бачыў ужо падобныя кадры ў СМІ. У такой сітуацыі мы не гатовыя браць на сябе адказнасць і пераконваць яго, што ён не мае права абараняць жыццё і здароўе. Пазней пры дэмакратычнай уладзе, пры нармальнай, выбранай народам уладзе, мы будзем разбірацца ў сітуацыі. Аднак пакуль чалавек знаходзіцца ў турме, то па гуманітарных прычынах, мы хацелі б, каб ён атрымаў дастатковае забеспячэнне: гуманітарнае, медыцынскае; каб яму пісалі лісты, дасылалі пасылкі. Каб ён меў права таксама на іншыя рэчы, якія вынікаюць са статусу палітзняволенага.
У сваю чаргу Вольга Зазулінская з арганізацыі «Краіна для жыцця», звяртала ўвагу на яшчэ адну праблему, якая вынікае з цяперашняй сітуацыі ў Беларусі:
- Зараз у Беларусі няма валянцёраў, якія могуць хадзіць у суды. Адвакатура знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні матэрыялаў і ўсяго, што адбываецца. Тады наколькі мы можам гаварыць, што праваабаронцы маюць дастатковую інфармацыю для таго, каб даваць аб'ектыўную характарыстыку сітуацыі.
Неабходнасці змены дзейсных крытэраў не бачыць Алег Гулак. Наадварот, ён асцерагаецца страты аўтарытэту самога статусу:
- Калі мы пачнем прымаць рашэнні аб статусе палітвязня без адпаведная аналізу. Без скрупулёзнага ўліку абставінаў. Калі мы ў пытаннях прызнання палітычным зняволеным пачнем прымяняць не толькі прэзумпцыю невінаватасці, але таксама прэзумпцыю віноўнасці ў дачыненні да дзяржавы і ганіцеляў, то бок, калі мы пачнем дзейнічаць сыходзячы з гэткіх прэзумпцый, то гэта можа падарваць давер у дачыненні да статусу і працэсу яго прызнавання. Страціць аўтарытэт можна, размыць сэнс – нескладана, але вяртаць усё гэта – складана.
Алег Гулак падкрэслівае, што дапамагаць вязням трэба, але гэта не абавязкова звязанае са статусам палітвязня, бо гэта выключна адзін з інструментаў дапамогі. У сваю чаргу Алег Агееў падкрэсліваў, што «ўжыванне гвалту» ці «неабходная абарона», таксама не заўсёды дыскваліфікуе прызнанне чалавеку статуса палітвязня.
У выніку гэтых разыходжанняў у стаўленні да прызнання статусу палітвязня, зараз у Беларусі два спісы вязняў сумлення. Нагадваем, на старонцы Dissidentby паведамляецца пра больш за 1200 палітвязняў, а на старонцы ПЦ «Вясна» – пра больш за 900. Бакі дыскусіі абмеркавалі метадалогію і працэдуры прызнання палітвязнямі, якія зараз выкарыстоўвае праваабарончая супольнасць Беларусі, назвалі шмат перавагаў і пагрозаў, якія нясе магчымае пашырэнне крытэрыяў прызнання палітвязнямі і на канец засталіся пры сваіх меркаваннях. Можна спадзявацца справа яшчэ не раз будзе амбяркоўвацца пакуль нейкі кансэнсус будзе дасягнуты.
Нагадваем, статус палітвязня, тэарэтычна, палягчае знаходзанне чалавека ў турме, як мінімум запэўнівае яго ў падтрымцы грамадства. Статус палітвязня можа дапамагчы сям’і зняволенага атрымаць дапамогу, у тым ліку – матэрыяльную. Статус таксама знімае з чалавека цэтлік злачынцы.
Дыскусія, якая прайшла ў рамках Экспертна-аналітычнага клуба, была арганізаваная Belarus in Focus у партнёрстве з Прэс-клубам, сайтам экспертнай супольнасці Беларусі «Наша думка» і Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў (BISS).
аз