Беларуская Служба

Навагоднія традыцыі: у апошні дзень года нельга развешваць мокрую вопратку – дрэнная прыкмета

31.12.2021 09:44
З канцом года звязана шмат народных традыцый. Пра некаторыя з іх мы паразмаўлялі з этнографам.
Аўдыё
  • Навагоднія традыцыі ў Польшчы
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/Nennieinszweidrei

У гэты час года мы святкуем Каляды і сустракаем Новы год, запрашаем у госці сваякоў, сяброў, загадваем пажаданні і падсумоўваем мінулы час. Навагоднія традыцыі ў многім супадаюць у Польшчы ды Беларусі, але ў Польшчы 31 снежня называюць Сільвестрам (Sylwester). Адкуль пайшла традыцыя называць апошні дзень года гэтым іменем? Назва «Сільвестр» звязана са старажытнай легендай – распавядае кандыдат навук, этнограф Агнешка Пшыбыла-Думін (Agnieszka Przybyła-Dumin) з Музею «Верхнесілезскі этнаграфічны парк» у Хожаве.

- Паводле легенды, прароцтва Сівілы прадказвала, што ў 1000 годзе наступіць канец свету. Свет спаліць агнём цмок Левіяфан. Паводле легенды, цмока злавіў і пасадзіў у ватыканскае падзямелле папа рымскі Сільвестр І у чацвёртым стагоддзі. І быццам бы пачвара прачнецца ў першы дзень 1000 года і пакончыць са светам. У 999 годзе папам рымскім быў Сільвестр ІІ. Ужо гэты год рымляне прывіталі з вялікай трывогай, і страх нарастаў з набліжэннем канца года. Людзі пахаваліся па дамах, прычашчаліся, каб прывітаць канец свету з чыстым сумленнем. А калі аказалася, што не наступіў канец свету, людзі кінуліся на вуліцы, радаваліся, весяліліся, абдымаліся. А папа рымскі даў сваё бласлаўленне свету – на новы год, новае стагоддзе і новае тысячагоддзе.

Ці ў Польшчы склаліся нейкія адмысловыя традыцыі, як сябе трэба паводзіць перад Новым годам? У Беларусі лічыцца, што неабходна прыбраць кватэру, хату, панадворак, каб не пераносіць у новы год смецця. Ці палякі таксама так падыходзяць да гэтага часу, ці наадварот, нельга прыбіраць, каб не выгнаць шчасця з хаты. Я чула і пра такую традыцыю.

- Магчыма, у нейкім рэгіёне існуе такая традыцыя, каб не прыбіраць. Агулам жа сітуацыя падобная, як у Беларусі – каб было чыста. Неабходна памятаць, што ў польскай традыцыі, асабліва вясковай, Новы год яшчэ нядаўна зусім не быў важным, яго практычна не святкавалі. Яшчэ ў другой палове 19-га стагоддзя Новы год сустракалі толькі ў вялікіх гарадах, дый толькі ў багатых дамах. Канец года – гэта было Божае нараджэнне. І, у прынцыпе, традыцыі, звязаныя з Калядамі, практычна паўтараліся ў апошні дзень года. Таму вельмі шмат традыцый, якія датычаць Калядаў, адносяцца таксама да навагодняга перыяду. Напрыклад, аформіць старыя справы, аддаць даўгі, адрамантаваць нейкія паламаныя рэчы, і канешне, прыбраць у кватэры. Праўда, няма гаворкі пра тое, каб не пераносіць бруду ў новы год, а хутчэй пра важнае свята на наступны дзень, каб яго было прыемна сустракаць у чыстай хаце. З Сільвестрам традыцыйна звязаная таксама варажба. Напрыклад, выкідваючы смецце, дзяўчына звяртала ўвагу, з якога боку забрэша сабака – з таго боку будзе жаніх. Лічылі бярвенне, прыносячы яго дадому, калі была цотная лічба, гэта значыць, што ў наступным годзе ўдасца выйсці замуж. У міску з вадой кідалі шкарлупіны арэхаў. Калі яны сустрэліся, таксама азначала выйсце замуж. Агулам выйсце замуж – гэта было вельмі важна, таму варажба, калі ўдасца знайсці мужа, праводзілася пры розных нагодах.

Новы год, у адрозненні ад Калядаў, гэта свята, якое мы часта сустракаем з сябрамі, знаёмымі, а не толькі з блізкімі сваякамі. Ці з гасцьмі таксама звязаныя нейкія традыцыі? Каго запрашаць, з кім танцаваць і г.д?

- Ёсць такое вераванне – у залежнасці ад таго, хто першы пагрукае ў дзверы, будзе наступны год. Мужчына прыносіў шчасце, а жанчына – праблемы і сваркі. Гэта несправядліва, але польскае грамадства было патрыярхальным, адсюль такія перакананні. Акрамя таго, як у Каляды, так і на Новы год абкладвалі дрэвы ў садзе саломай, каб наступным летам быў багаты ўраджай, стукалі ў вуллі, каб пчолкі ўжо неўзабаве, вясной, прачыналіся і рабілі мёд. Як на Каляды, так і ў навагоднюю ноч на святочным стале пакідалі адну пустую талерку для нечаканага госця. Нельга было пакідаць развешанай мокрую мытую вопратку – гэта быў дрэнны знак. Так што паміж традыцыямі, звязанымі з Калядамі і Новым годам вельмі шмат падабенства. Справа ў тым, што гэтыя святы адзначаюцца амаль у адным і тым жа часе, а Каляды значна важнейшыя па сваім значэнні. Калісьці людзі не звярталі ўвагі на каляндар, для іх на самой справе новы год пачынаўся ўжо з Калядаў, таму і навагоднія традыцыі падобныя да калядных.

А ці з навагоднім сталом звязаныя нейкія канкрэтныя традыцыі? Вядома, што на Каляды павінна быць 12 страваў, без мяса, а ў навагоднюю ноч? Скажам, у Беларусі па традыцыі рыхтуюць салат Аліўе, ці ў Польшчы таксама на стале павінны быць канкрэтныя стравы?

- Стол павінен быць багаты, не посны. Аднак няма канкрэтных страваў, якія неабходна паставіць на навагодні стол. Затое ёсць этнаграфічныя даследаванні, што з першым днём Новага года, 1 студзеня, звязаныя пэўныя традыцыі. У некаторых рэгіёнах у гэты дзень пяклі адпаведнае печыва. Напрыклад, у рэгіёне Курпяў жанчыны пяклі faternuchy – цвёрдае пячэнне з карэннымі прыправамі. Дзеўчыны частавалі імі кавалераў. І пры нагодзе таксама была варажба аб выйсці замуж. Калі хлопец узяў цотную лічбу пячэння – удасца хутка выйсці замуж, а калі няцотную – прыйдзецца пачакаць. У іншых рэгіёнах, у тым ліку на Падляшшы, пяклі пячэнне ў выглядзе жывёлы – зайчыкаў, конікаў, каровак і г.д. Яны мелі прынесці шчасце і дабрабыт у хату. Вельмі важнай традыцый былі пажаданні з вуснаў малых дзяцей. Дзетак выпускалі, каб яны хадзілі па хатах і «разносілі шчасце». Людзі верылі, што пажаданні дзетак, асабліва маленькіх, прыносяць шчасце. Дзеткі таксама дарылі галінкі елак, якія вешалі над дзвярыма. Гэта таксама быў адзін з жэстаў традыцыі, падчас якой «разносілі шчасце».

размаўляла нг