Фонд «Краіна для жыцця» частку сваёй дзейнасці ўжо на працягу некалькіх месяцаў вядзе з Варшавы. Фонд праводзіць адукацыйныя праграмы, аднаразовыя акцыі дапамогі дзецям палітвязняў.
Аднак асноўная дзейнасць «Краіна для жыцця» заключаецца ў дапамозе сем’ям беларускіх палітзняволеных. Да пачатку вайны ва Украіне каля 80 сям’яў атрымлівалі па 300 еўра штомесячнай дапамогі. Сітуацыя, аднак, радыкальна памянялася, расказвае кіраўнічка фонду Марыя Мароз.
-Падзеі разгарнуліся так, як ніхто не чакаў. 24 лютага пачалася вайна ва Украіне. І гэта катастрофа. Уся дапамога накіраваная туды, гэта правільна, мы гэта разумеем. У нас вельмі моцна зменшылася колькасць данатаў. Калі да вайны мы маглі падтрымаць 80 сем’яў у месяц, то на працягу месяца пасля пачатку вайны мы сабралі толькі на шэсць. Атрымалася так, што мы былі вымушаныя перафарматаваць нашую дапамогу. Нам прыйшлося адмовіцца ад штомесячнай падтрымкі сем’яў і перайсці на разавую. Колькі мы збяром данатаў, столькі сем’яў аднаразова мы і падтрымаем.
Марыя Мароз запэўнівае, што падтрымка сем’яў палітвязняў бяспечная. Гэта можна зрабіць заходзячы на старонку фонду stranafund.org.
-І там можна выбраць форму, як вы хочаце гэта зрабіць. Можна падпісацца на штомесячны плацеж, вызначаную суму ў вас будуць спісваць кожны месяц. Штомесячныя плацяжы дапамагаюць нам зразумець прагноз. Колькі сем’яў у будучым месяцы мы зможам падтрымаць. Напрыклад, мы ведаем, што прыйдзе 3 тысячы еўра і мы напэўна зможам дапамагчы 10 сем’ям.
Нягледзячы на цяжкасці, фонд збіраецца далей дапамагаць сем’ям беларускіх палітзняволеных, кажа Марыя Мароз. Цікава, што большасць людзей, якія фінансава падтрымлівалі палітвязняў, жылі не ў эміграцыі, а ўнутры Беларусі.
Пасля пачатку вайны ва Украіне фонд «Краіна для жыцця» адчыніў у Варшаве дом для ўцекачоў з Украіны. Гэта дом для беларусаў, украінцаў ці людзей іншай нацыянальнасці, якія вымушаныя былі ўцякаць ад вайны.
-У нас жывуць мамы з дзеткамі. На сённяшні дзень гэта сем сем’яў. Тры беларускія сям’і. Гэта двойчы бежанцы. Спачатку яны ўцяклі з Беларусі з-за рэпрэсій. Ім трэба было зрабіць выбар: турма ці замежжа. Яны выехалі ва Украіну, збіраліся там наладжваць жыццё. Аднак, 24 лютага здарылася тое, што здарылася, трэба было бегчы і адтуль. Яны жывуць у нас больш за два тыдні. Калі яны толькі прыехалі, адразу было бачна цяжкі псіхалагічны стан. Ведаеце, гэта калі ты чуеш пра бамбардзіроўкі, пра бомбасховішчы, дзе хаваюцца з дзецьмі, гэта адно. А калі ты размаўляеш з чалавекам і ён расказвае, як гэта было, як мама сваім целам закрывала дачку падчас бамбёжкі, бо побач не было сховішча. Трэба было сабой закрываць дзіця. Мамы і дзеці з вялікімі траўмамі.
Першыя некалькі дзён мамы з дзецьмі проста прызвычайваліся да новага месца. Цяпер з імі працуе псіхолаг, пачаліся курсы польскай мовы.
-Неўзабаве пачнем праводзіць заняткі, каб яны кантактавалі з іншымі, пачыналі асіміляцыю. Насамрэч, украінцы ўсе мараць аб тым, каб як мага хутчэй вярнуцца на Радзіму. Мы ўсе марым аб тым, каб гэта як мага хутчэй закончылася, гэты страх і кашмар, – кажа Марыя Мароз.
Фонд «Краіна для жыцця» працягвае займацца адукацыйнымі праектамі. Нядаўна завершыліся курсы для лідараў грамадзянскай супольнасці «Палярыс», цяпер запускаецца праект «Жаночае лідарства». Марыя Мароз яго сама распрацавала і будзе курыраваць.
-Мы хочам, каб жанчыны натхніліся да дзеяння, рашучасці, каб яны адчулі ў сабе сілу. Жанчыны яшчэ ў 20-м годзе паказалі сваю сілу і магчымасці, каб яны не спыняліся. Цяпер прыйшоў крызісны перыяд – гэта час вучыцца. Каб у нас у краіне потым была магчымасць зрабіць тую краіну для жыцця, пра якую мы ўсе марым. Мы запрашаем жанчын і ў эміграцыі, і ў Беларусі. Яны праслухаюць курс лекцый на розныя тэмы. Таксама будзе практычная частка. Яны змогуць распрацаваць свой некамерцыйны праект, гуманітарны ці адукацыйны, а потым магчыма рэалізаваць яго ў жыцці.
На думку Марыі, чым больш адукацыйных праектаў у гэты час, тым лепш.
-Час адукавацца, пашыраць межы сваіх магчымасцяў, думаць, як мы далей будзем будаваць краіну для жыцця. Каб Беларусь не асацыявалася і не была краінай, звязанай з рэпрэсіямі і агрэсіяй, а была светлай, прыгожай, еўрапейскай краінай для жыцця. Каб нашыя дзеці хацелі жыць і вучыцца ў Беларусі, дзе нашыя продкі, родныя і блізкія, дзе нашыя дарожкі і дрэўцы, па якім мы так сумуем у эміграцыі.
Нягледзячы на атмасферу страху ў Беларусі папярэднія праекты фонду паказалі вялікае зацікаўленне падобнымі курсамі, кажа Марыя Мароз. Прыкладна 70% удзельнікаў жылі ў Беларусі.
ав