Маці і 5-гадовыя блізняты аслеплі пасля выбуху снарада: польскія лекары вярнулі ім зрок, паведамляе Gazeta Wyborcza.
У Любліне афтальмолагі аказалі дапамогу маці і двум яе сынам, якія страцілі зрок пасля выбуху снарада ў Луганскай вобласці. Трагедыя здарылася 11 сакавіка. У кватэру Алены трапіў расійскі снарад і ўзарваўся на кухні. Жанчына, якая ў гэты час была там з дзецьмі, здзіўляецца, што яны ўвогуле выжылі.
У выніку выбуху 5-гадовы сын Алены страціў вока, а ўсе трое атрымалі шматлікія раненні на целе. Таксама Алена страціла зубы і зламала палец на назе.
Бацька Алены адвёз усіх у бальніцу ў Севераданецк. Медыкі выдалілі аскепкі і зашылі раны. Але траўмы вачэй былі занадта сур'ёзнымі – яны патрабавалі ўмяшання афтальмолагаў. Валанцёры перавезлі сямʼю ў Львоў. Адтуль хуткая дапамога адвезла іх у афтальмалагічную клініку ў Люблін, якая лічыцца адной з найбуйнейшых у Еўропе.
«Гэта была комплексная аперацыя па катаракце з лячэннем. Я імплантаваў спецыяльныя ўнутрывочныя лінзы ў двое вачэй Алены, а мае калегі аперыравалі хлопчыкаў», – сказаў прафесар Роберт Рэйдак з Люблінскага медыцынскага ўніверсітэту.
Пасля аперацыі маці і сыны зноў бачаць. Пакуль сямʼя аднаўляецца, валанцёры шукаюць для іх жыллё. Таксама дзецям патрэбная фізічная і псіхалагічная рэабілітацыя.
З пачатку поўнамаштабнай вайны дзевяці ўкраінцам з рознымі траўмамі вачэй аказалі дапамогу ў польскай клініцы.
У красавіку польскія лекары правялі перасадку сэрца ад мясцовага донара пацыентцы з Украіны. Ёй стала 36-гадовая Юлія Скіп з Львоўскай вобласці.
У Юліі была рэдкая форма кардыяміяпатыі. Яе сэрца не магло цалкам забяспечыць арганізм крывёю. Жанчына чакала донара і аперацыі. Калі пачалася вайна, яна прыехала ў Польшчу ў цяжкім стане, паведамляе Gazeta Wyborcza.
вс